Мітынг і тэматычная сустрэча, прысвечаныя памяці ахвяр халакосту, прайшлі ў Віцебску.

Удзельнікамі памятнай акцыі сталі дзясяткі чалавек - прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны, дабрачыннай грамадскай арганізацыі "Хасдей Давід", вучні СШ №21 Віцебска імя Героя Савецкага Саюза В.А. Дзямідава. Яны сабраліся ля каменя на правым беразе Заходняй Дзвіны, надпіс на ім абвяшчае: "Тут будзе ўстаноўлены мемарыяльны знак у памяць вязняў Віцебскага гета - ахвяр фашысцкага генацыду ў 1941-1944 гг.".

"Мерапрыемствы прысвечаны Міжнароднаму дню памяці ахвяр халакосту. Паколькі 27 студзеня выпала на суботу, а паводле яўрэйскіх паняццяў у шабат мерапрыемствы не праводзяцца, мы вырашылі іх правесці сёння. У Беларусі за час Вялікай Айчыннай вайны загінула 2 млн чалавек, з іх больш за 800 тыс. - людзі яўрэйскай нацыянальнасці. Халакост і генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны - паняцці практычна ідэнтычныя. Сёння мы ўспамінаем усіх", - сказаў старшыня Віцебскай гарадской яўрэйскай абшчыны Навум Лінькоўскі.Работа па ўвекавечанню памяці ахвяр халакосту, па яго словах, вядзецца бесперапынна і знаходзіць адлюстраванне ў праектах абшчыны, многія з якіх прысвечаны гэтай тэме альбо закранаюць яе. "У мінулым годзе мы ўсталявалі помнік у Колышках за кошт сваіх рэсурсаў, зрабілі помнік у Суражы", - удакладніў Навум Лінькоўскі.

Цяперашнія пакаленні не былі сведкамі тых жахлівых падзей, але ведаюць пра іх ад бацькоў і сваякоў. "Наш святы абавязак - перадаць гэту памяць наступнаму пакаленню, каб яна захавалася, а нашы дзеці не сталі ахвярамі, катамі і, самае жахлівае, не былі абыякавымі людзьмі. Калі слухаеш гэтыя аповяды (пра здзейсненыя ў гета здзекі акупантаў), - проста кроў стыне ў жылах. Неўяўляльна ўявіць сабе, якім жахам падвяргаліся гэтыя людзі", - сказала член яўрэйскай абшчыны Серафіма Азаранкава.
Пасля мітынгу ўсе накіраваліся ў размешчаную непадалёк Вялікую Любавіцкую сінагогу, якую мінулым летам адкрылі пасля аднаўлення. Свечкі ў гонар землякоў і сваякоў, тых, хто быў звярына знішчаны фашыстамі, запалілі прадстаўнікі розных пакаленняў. Кожны паабяцаў зрабіць усё, каб трагічныя факты захаваліся ў памяці тых, хто жыве. Дырэктар Віцебскага дабрачыннага грамадскага аб'яднання "Хасдей Давід" Барыс Канавалаў распавёў, што сёння пад апекай арганізацыі ў вобласці знаходзяцца каля 320 чалавек, якія перажылі гады халакосту. Сярод іх два вязні канцлагераў і трое блакадніцікоў Ленінграда. Яшчэ два чалавекі са званнем праведнікаў свету - яны, рызыкуючы ўласным жыццём і жыццём членаў сваіх сем'яў, ратавалі людзей яўрэйскай нацыянальнасці.

"Мы прыкладаем усе намаганні для таго, каб аказаць кваліфікаваную дапамогу ўсім гэтым людзям, - сказаў Барыс Канавалаў. - Гэта не толькі матэрыяльная дапамога, але і стварэнне пэўных умоў па праграмах сацыялізацыі. Асноўная задача арганізацыі - патронажная служба (догляд на доме). Акрамя таго, дзейнічае шмат праграм, уключаючы праграму экстраннай дапамогі для тых, хто апынуўся ў цяжкай фінансавай сітуацыі, дапамогу ў набыцці дарагіх лекаў, рэабілітацыйнага абсталявання, тэхнікі". Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту, які ў 2005 годзе быў заснаваны рэзалюцыяй 60/7 Генеральнай асамблеі ААН, адзначаецца 27 студзеня. У гэты дзень у 1945-м Савецкая армія вызваліла вязняў гітлераўскага канцлагера "Аўшвіц - Біркенау". Па розных ацэнках, там фашысты замучылі ад 1,5 млн да 4 млн чалавек. Ахвярамі халакосту сталі каля 6 млн яўрэяў, больш за 800 тыс. былі знішчаны на тэрыторыі Беларусі. У лагерах смерці нямецкія нацысты і калабарацыяністы з іншых краін пастаянна ўдасканальвалі методыку знішчэння людзей, ставілі над прадстаўнікамі яўрэйскага народа, славянамі, цыганамі жорсткія медыцынскія эксперыменты. У Віцебску, па розных дадзеных, у гады вайны было знішчана ад 16 тыс. да 20 тыс. людзей яўрэйскай нацыянальнасці. 

Крыніца: vitebsk-region.gov.by