18 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каб выгадаваць унікальную зорку, неабходны таленавітае дзіця і пісьменны педагог-прадзюсар. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА заслужаны дзеяч культуры Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя У.Мулявіна Святлана Стаценка. "Каб выгадаваць унікальную зорку, насамрэч трэба няшмат - неабходны пісьменны педагог, які б знайшоў таленавітае дзіця і далей займаўся з ім не толькі вакальнымі практыкаваннямі, а шчыльна: дапамог падабраць правільны рэпертуар, прадзюсіраваў", - сказала Святлана Стаценка. На яе глыбокае перакананне, у апошнім на дапамогу павінны прыйсці радыё і тэлебачанне, таму што без іх не будзе прафесійнага росту юнага таленту. "Зразумейце, вось добры хлопчык, у яго цудоўны голас, музычны матэрыял. А што далей - каму яго паказваць, калі дзіцячых музычных праграм на тэлебачанні няма, на радыё кажуць нефармат, як яго выгадоўваць, прафесійна рухаць наперад. Так і застанецца добрым хлопчыкам", - лічыць педагог. Яна расказала, што на дзіцячым радыё-хіце ў Маскве прадстаўленыя кампазіцыі некаторых яе дзяцей займаюць топавыя пазіцыі на працягу некалькіх месяцаў. На X Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2012" мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя У.Мулявіна прадстаўляе сваю выхаванку Лізу Мураўёву. Ацэньваючы ўзровень канкурсантаў у цэлым, яна адзначыла, што яшчэ пасля першага конкурснага дня стала зразумела, што барацьба ў гэтым годзе будзе дастаткова напружанай. "Ёсць вельмі прафесійныя дзеці, ёсць сярэднія. На жаль, ёсць і пара нумароў, на мой погляд, не вельмі падрыхтаваных, як хацелася б, але ў цэлым узровень самага конкурсу дастаткова высокі. Радуе, што дзеці падабралі для выступленняў цікавы музычны матэрыял, а не проста спампаваны з Інтэрнэту. Дастаткова нядрэнныя і вакальныя даныя ўдзельнікаў", - сказала Святлана Стаценка. У той жа час дарослы конкурс, на яе погляд, аказаўся некалькі слабейшым, чым у мінулым годзе.