Старэйшае пакаленне памятае часы, калі паштовая і электрасувязь знаходзіліся ў адным будынку. Усё змянілася ў 1995 годзе са стварэннем Рэспубліканскага дзяржаўнага аб'яднання «Белтэлекам» і яго філіялаў па ўсёй краіне. Менавіта з тых часоў РУЭС вядзе сваю самастойную гісторыю.
Пра тое, што было раней і як працуе сёння РУЭС, даведаліся, пагутарыўшы напярэдадні прафесійнага свята з начальнікам арганізацыі Анатолем Купрэвічам. Будынак, які ў народзе называюць «тэлеграф» – не ўся арганізацыя. Тут знаходзіцца толькі адміністрацыйны і абслугоўваючы абанентаў корпус, а на вуліцы Дэпаўскай, што каля ЛЛСГ «Лепельскі» -- лінейна-тэхнічны ўчастак. Там канцэнтруецца тэхніка і працоўныя рукі.
Штогод 7 мая ў актавай зале РУЭС збіраюцца ўсе работнікі гэтай сферы. Канцэртная праграма, віншаванні – абавязковыя. Сёлета прыемная навіна прыйшла з Мінска. Інжынер другой катэгорыі станцыйнага ўчастка Лепельскага РУЭС Сяргей Валянцінавіч Севярын занесены ў кнігу Ганару РУП «Белтэлекам», вышэй за гэта можа быць толькі ўзнагарода ад Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. За васьмігадовую гісторыю кіраўніцтва Анатоля Уладзіміравіча – другі выпадак. Зразумела, узнагароджанага супрацоўніка чакае грашовая прэмія. Ад Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» будуць уручаны Ганаровая грамата Вячаславу Сіўцу і падзяка Валянціне Собчанка. Каля дваццаці чалавек, вызначаных на мясцовым узроўні, узнагародзяць прэміяй у памеры адной базавай велічыні. Яшчэ адзін прыемны момант для сувязістаў -- рашэннем райвыканкама прадпрыемства прызнана лепшым у сферы паслуг за 2012 год.
Яўгенія ЛЯХ.