7 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дэбютным канцэртам сімфанічнага аркeстра завершыць музычны сезон Віцебская абласная філармонія, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гэтай установе культуры. Сімфанічны аркестр Віцебскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Беляўскага ўтвораны на базе былога камернага аркестра ў пачатку года. На працягу пяці месяцаў вялася праца па фарміраванні калектыву, набыцці неабходных музычных інструментаў, рэпетыцыйная дзейнасць. У цяперашні час калектыў уключае 35 музыкантаў, дэбютны канцэрт якіх адбудзецца на сцэне філармоніі 19 чэрвеня ў рамках закрыцця XXIII канцэртнага сезона. У выкананні аркестра прагучыць папулярная сімфанічная класіка XIX-XX стст. Рэгулярны і шчыльны графік выступленняў чакае калектыў у XXIV канцэртным сезоне, які традыцыйна адкрыецца 1 кастрычніка ў Міжнародны дзень музыкі. У новым сезоне філармонія парадуе шэрагам прэм'ер. Таксама будуць працягнуты паспяховыя абонементныя канцэрты для юных віцяблянаў, прыхільнікаў арганнай музыкі, будучых мам, сольныя выступленні артыстаў філармоніі і запрошаных зорак.-0-

БЕЛТА