25 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзед Мароз сёння выйшаў на прамую тэлефонную сувязь з жыхарамі Полацкага раёна. Гэту прыемную навагоднюю навіну ён перадаў карэспандэнту БЕЛТА праз аддзел ідэалагічнай работы Полацкага райвыканкама.
Казкавы дзед разам са сваёй унучкай Снягуркай ва ўсіх аграгарадках і буйных вёсках раёна вось ужо трэці год запар на навагоднія і калядныя святы адкрывае 20 прыёмных. Але ў гэты раз з ім можна не толькі асабіста сустрэцца, але і пагаварыць па тэлефоне. Прыёмныя працуюць на базе дамоў культуры. У першай палове дня Дзед Мароз сам сустракае сваіх гасцей і адказвае на тэлефонныя званкі, а пасля абеду адпраўляецца з віншаваннем па дамах вяскоўцаў. Без увагі не застануцца і жыхары аддаленых вёсак: да 7 студзеня Дзед Мароз паабяцаў прыйсці да кожнага.
Варта адзначыць, што ў адрозненне ад сваіх гарадскіх калег, якія камерцыялізавалі сваю дзейнасць, полацкія Дзед Мароз і Снягурка бескарысліва прыходзяць у госці з добрымі пажаданнямі і падарункамі. Набыць падарункі навагоднім героям дапамаглі мясцовыя прадпрыемствы.-0-
БЕЛТА
Дзед Мароз сёння адкрыў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі Полацкага раёна
25.12.20120 праглядаў