23 жніўня, Талачынскі раён /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Дэфіцыту грэчкі ў Беларусі не будзе. Пра гэта заявіў сёння журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Намеснік міністра адзначыў, што Мінсельгасхарчам былі распрацаваны мерапрыемствы ў адпаведнасці з даручэннем урада па забеспячэнні насельніцтва крупянымі культурамі ў поўным аб'ёме. Гэтыя заданні даведзены да абласцей і выкананы. "Мы плануем сабраць каля 40 тыс. т збожжа грэчкі, з іх мы робім 25 тыс. т крупы, - распавёў Васіль Паўлоўскі. - Тое, што Міністэрства гандлю нам заявіла, мы забяспечым".
Уборка грэчкі ўжо вядзецца ў гаспадарках краіны. Калі ў мінулым годзе ўраджайнасць гэтай сельгаскультуры была 10 ц/га, то сёння - 17 ц/га.
Аграрыі ўпэўнены, што патрэбы ў грэчцы ў гэтым годзе будуць цалкам задаволены. Дэпартаментам хлебапрадуктаў уведзены дадатковыя магутнасці па перапрацоўцы крупы грэчкі. "Мы будзем забяспечаны сваёй крупай", - дадаў намеснік міністра.
Намеснік кіраўніка Мінсельгасхарча таксама адзначыў, што ў гэтым годзе чакаецца добры ўраджай бульбы. Самае галоўнае для аграрыяў - захаваць яго да наступнага ўраджаю. У гэтым годзе ў краіне плануецца ўвесці новыя бульбасховішчы аб'ёмам 211 тыс. т. "На 1 кастрычніка бульба будзе стапрацэнтна ляжаць у сховішчах, такую задачу паставіў перад намі Прэзідэнт", - нагадаў Васіль Паўлоўскі.-0-
БЕЛТА
Не будзе дэфіцыту грэчкі ў Беларусі – Мінсельгаспрад
23.8.20110 праглядаў