8 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дэкрэт №6 "Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці" дасць магутны імпульс развіццю сельскіх рэгіёнаў і будзе спрыяць стварэнню ў іх канкурэнтнага асяроддзя. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства "Паставымебель" Сяргей Земчонак. "Для бізнесменаў, якія працуюць на рынку менш за сем гадоў, тых, хто толькі вырашаецца адкрыць уласную справу або плануе пашырэнне вытворчасці з размяшчэннем яго ў сельскіх рэгіёнах, дэкрэт №6 дае проста велізарныя прэферэнцыі", - падкрэсліў кіраўнік. Так, камерцыйныя арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія падпадаюць пад дзеянне заканадаўчага акта, вызваляюцца на працягу сямі каляндарных гадоў з дня іх дзяржаўнай рэгістрацыі ад выплаты падатку на прыбытак і падаходнага падатку, падатку на нерухомасць, дзяржаўнай пошліны за выдачу спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці, прадугледжаны таксама шэраг іншых льгот. Важным аспектам заканадаўчага акта па стымуляванні бізнесу Сяргей Земчонак лічыць магчымасць адчужэння дзяржаўнай нерухомасці ў малых гарадах без продажу права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка і прадастаўленне яго без правядзення аўкцыёну і спагнання платы за права заключэння дагавора арэнды. На яго думку, гэта ў значнай ступені дапаможа вырашыць праблему з закінутымі будынкамі і збудаваннямі на вёсцы, а таксама падштурхне зніжэнне ўзроўню беспрацоўя сярод вяскоўцаў, бо прыцягвацца для працы на створаных на іх базе вытворчасцях будзе мясцовае насельніцтва. "Дэкрэт прадастаўляе самыя спрыяльныя ўмовы для арганізацыі бізнесу ў сельскай мясцовасці, стымулюе яго развіццё. З іншага боку, для сельскіх рэгіёнаў, малых паселішчаў яго галоўны плюс заключаецца ў стварэнні канкурэнтнага асяроддзя паміж прадстаўнікамі бізнесу", - заключыў кіраўнік.-0-

БЕЛТА