Віцебская вобласць прымала дзве дэлегацыі з Узбекістана — удзельнікаў медыцынскага форуму «Дні аховы здароўя і медыцынскай адукацыі Узбекістан-Беларусь». Прадстаўнікі сістэмы медадукацыі і практычнай аховы здароўя наведалі аналагічныя ўстановы Віцебскай вобласці. Кіраўнікі ВНУ і тэхнікумаў грамадскага здароўя Узбекістана пазнаёміліся з падыходамі па падрыхтоўцы спецыялістаў вышэйшага і сярэдняга звяна ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце і Віцебскім медыцынскім каледжы.

Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт ажыццяўляе супрацоўніцтва з многімі вядучымі замежнымі ВНУ ў галіне медыцынскай навукі, адукацыі і практычнай аховы здароўя. У прыватнасці, ва Узбекістане ў ВДМУ наладжана ўзаемадзеянне з установамі вышэйшай адукацыі медыцынскага профілю ў Бухары, Каршы, Тэрмезе і Самаркандзе. Сёння наладжаны новыя кантакты. Плануецца распрацоўка сумеснх праграм падрыхтоўкі субардынатараў, студэнцкія і выкладчыцкія абмены. Бакі перакананы, што такое супрацоўніцтва дазваляе паскорыць абмен сучаснымі ведамі і тэхналогіямі, дапамагае развіццю наватараскіх форм медыцынскай адукацыі, навукі і аховы здароўя.

Медыкі-практыкі, кіраўнікі бальніц, клінік, тэрытарыяльных медыцынскіх аб'яднанняў цэнтральна-азіяцкай дзяржавы азнаёміліся з магчымасцямі аказання медыцынскай дапамогі ў медустановах розных узроўняў у Оршы і Віцебску.

У Оршы госці даведаліся аб падыходах у лячэнні ў шматпрофільнай гарбальніцы №1 ім. Н.А. Семашкі і азнаёміліся з прынцыпам працы міжраённага цэнтра.

У Віцебску ўзбекскім урачам расказалі, як уладкавана і функцыянуе сістэма аховы здароўя вобласці, як аказваецца першасная меддапамога ва ўчастковых бальніцах, амбулаторыях урача агульнай практыкі і ў фельчарска-акушэрскіх пунктах. Затым пазнаёмілі з тактыкай, сучаснымі метадамі дыягностыкі і лячэння, якімі славіцца ў Беларусі Віцебскі абласны клінічны анкадыспансер. Толькі сёлета тут ужылі метад выяўлення патэнцыйна небяспечных пухлін на ранніх стадыях – высокатэхналагічны аналіз вянознай крыві PanTum Detect, сталі прымяняць CAR-T-клетачную тэрапію — гэта спосаб лячэння анкалагічных хворых пры дапамозе сваіх жа імунных клетак, а таксама робяць сучасныя лапараскапічныя аперацыі.