2 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дэлегацыі Смаленскай вобласці наведаюць сёння Віцебскую вобласць з нагоды святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Значная дэлегацыя на чале з кіраўніцтвам адміністрацыі Смаленска чакаецца ў Оршы. Тут запланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовай выканаўчай улады і дзелавых колаў, падчас якіх будуць абмяркоўвацца пытанні павышэння эфектыўнасці двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах. Святочныя мерапрыемствы пройдуць у гарадскім Доме культуры, дзе разгорнецца фотавыстава аб раней праведзеных сумесным мерапрыемствах, экспазіцыя работ аршанскіх і смаленскіх мастакоў, выступяць творчыя калектывы двух гарадоў.
Цэнтрам падзей у абласным цэнтры стане Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава. У ВНУ ў рамках I Міжнароднага студэнцкага славянскага форуму адбудзецца канцэрт "Моладзь. Адзінства. Будучыня", прысвечаны ўмацаванню дружбы і ўзаемаразумення паміж моладдзю двух славянскіх народаў. Актыўны ўдзел у святочным выступленні прымуць студэнты смаленскіх ВНУ, якія прыбылі ў абласны цэнтр у складзе дэлегацыі з 80 чалавек.
Разам з прыёмам гасцей прадстаўнікі Віцебскай вобласці ўдзельнічаюць у святочных мерапрыемствах у расійскіх рэгіёнах. У прыватнасці, прадстаўнікі Дубровенскага раёна адправіліся ў пасёлак Красны Смаленскай вобласці, дзе сёння сустрэнуць свята, а 4 красавіка яны прымуць удзел у семінары па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, прысвечаным вайне 1812 года.
У цэлым мерапрыемствы, прымеркаваныя да святочнай даты, будуць праходзіць у рэгіёне на працягу ўсяго тыдня. 5 красавіка телемост звяжа гарады-пабрацімы Наваполацк і Электрасталь. У Расонах адбудзецца святочны канцэрт з удзелам дэлегацыі Себежскага раёна. Шматлікія тэматычныя акцыі, конкурсы, круглыя сталы запланаваны ва ўстановах адукацыі і культуры вобласці.-0-