Дэлегацыя ветэранаў з Беларусі сёння адпраўляецца з візітам у Маскву, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Дэлегацыя ветэранаў з Беларусі сёння адпраўляецца з візітам у Маскву, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Праграма візіту даволі насычаная. 20 лістапада беларускія ветэраны прымуць удзел у пасяджэнні Прэзідыума і Пленума Каардынацыйнага савета Міжнароднага саюза "Садружнасць грамадскіх арганізацый ветэранаў (пенсіянераў) незалежных дзяржаў". На форум, які праводзіцца штогод, прыбудуць не толькі дэлегацыі ветэранскіх арганізацый СНД, але і краін Балтыі.
21 лістапада адбудзецца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя на тэму "Ветэранскія і іншыя грамадскія арганізацыі незалежных дзяржаў у барацьбе супраць фальсіфікатараў гісторыі нашых народаў, асабліва перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў". На форуме з дакладам аб арганізацыі сацыяльнай падтрымкі ветэранаў ВАВ у Беларусі выступіць старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Анатоль Новікаў.
Візіт беларускай дэлегацыі, у складзе якой таксама кіраўнікі ветэранскіх арганізацый Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай абласцей і Мінска, арганізаваны ў адпаведнасці з Комплекснай праграмай развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады.
Як праінфармавалі ў Мінпрацы і сацабароне, у верасні бягучага года адбылася паездка дэлегацыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Беларусі ў Смаленск. У ходзе візіту яны сустрэліся з ветэранскім актывам, наведалі месцы баявой славы. Гэтая паездка была арганізавана ў адпаведнасці з Пагадненнем аб наведванні воінскіх пахаванняў і воінскіх помнікаў ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і грамадзянамі, прыраўнаванымі да іх, падпісаным кіраўнікамі ўрадаў дзяржаў - удзельніц СНД 18 кастрычніка 1996 года.