15 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскія прамыслоўцы і прадпрымальнікі плануюць абмеркаваць пытанні пашырэння кааперацыйных сувязей і ўзаемадзеяння ў сферы прафесійна-тэхнічнай адукацыі з партнёрамі з Калугі падчас візіту дэлегацыі Віцебскай вобласці ў расійскі рэгіён 15-16 верасня. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў выканаўчай дырэкцыі абласнога саюза наймальнікаў. Дзелавая паездка арганізавана ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж абласным саюзам наймальнікаў і Калужскім аб'яднаннем прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, а таксама Навукова-прамысловым саюзам Смаленскай вобласці. У праграме візіту запланаваны рабочыя сустрэчы з кіраўніцтвам Калужскай вобласці і абласнога цэнтра, рэгіянальнымі бізнес-асацыяцыямі і Агенцтвам рэгіянальнага развіцця. Дзелавыя зносіны бізнесменаў будуць прысвечаны абмеркаванню магчымасцей пашырэння кааперацыі вытворчасцей, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і гандлёва-эканамічных адносін. У сферы ўвагі ўдзельнікаў сустрэч будуць пытанні ўкаранення інавацыйных распрацовак і тэхналогій, удзел у рэалізацыі сумесным праектаў і праграм, абмен вопытам, павышэнне кваліфікацыі кадраў. Дзелавую частку праграмы працягнуць перамовы з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці Калужскай вобласці. Акрамя таго, віцебская бізнес-дэлегацыя азнаёміцца з асаблівасцямі падрыхтоўкі спецыялістаў для прадпрыемстваў аўтапрамысловага комплексу падчас наведвання Калужскага каледжа інфармацыйных тэхналогій і кіравання. Віцебскія кіраўнікі наведаюць і аўтамабільную вытворчасць на ТАА "Фальксваген Груп Рус". У склад дэлегацыі вобласці ўвайшлі кіраўнікі амаль 20 прадпрыемстваў і навуковых арганізацый. Візіт арганізаваны Віцебскім абласным саюзам наймальнікаў пры садзейнічанні аблвыканкама. Віцебскі абласны саюз наймальнікаў з'яўляецца найбуйнейшым некамерцыйным аб'яднаннем наймальнікаў Прыдзвінскага краю, у склад якога ўваходзяць больш за 270 прадпрыемстваў і арганізацый. Аб'яднанне заснавана ў 1999 годзе, яго філіялы створаны ў 6 раёнах вобласці. Аб'ём выпуску прамысловай прадукцыі прадпрыемстваў - членаў саюза наймальнікаў складае каля 80% агульнага аб'ёму вытворчасці прадпрыемстваў вобласці.-0-

БЕЛТА