12 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дэлегаты з'езду БРСМ - работнікі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС і Віцебскага гарадскога аддзела па НС па дарозе на моладзевы форум выратавалі пацярпелага ў ДТЗ, расказала карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Начальнік аддзела кадравага забеспячэння Аляксей Макеенка, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Аляксей Белашыцкі, старэйшы інспектар групы ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Віцебскага ГНС Аляксандр Буднік, а таксама кіроўца вытворча-тэхнічнага цэнтра Аляксандр Латышаў раннім ранкам сталі сведкамі дарожна-транспартнага здарэння, якое адбылося ў раёне пасёлка Бегамль (Докшыцкі раён). У выніку лабавога сутыкнення фуры і грузавога аўтамабіля, які выехаў на сустрэчную паласу, абодва кіроўцы атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
Маладыя людзі тут жа выклікалі хуткую дапамогу, ДАІ і сваіх калег з МНС і паспяшаліся на дапамогу пацярпелым, да іх далучыўся і кіроўца таксі, што праязджаў міма. Кіроўца фуры, на шчасце, мог сам перасоўвацца, а вось мужчына, які кіраваў грузавіком, быў без прытомнасці. У выніку ўдару ў яго была заціснута ніжняя частка цела паміж кабінай, дзвярыма і зямлёй. Наступствы сутыкнення маглі быць для яго непрадказальнымі, таму было прынята рашэнне самастойна дэблакаваць пацярпелага з кабіны. Выкарыстоўваючы падручныя сродкі, пацярпелага вызвалілі з кабіны, аказалі першую даўрачэбную дапамогу. Да прыезду медыкаў мужчына прыйшоў у прытомнасць. Цяпер ён знаходзіцца ў бальніцы. Па словах урачоў, траўмы сур'ёзныя, але яго жыццю ўжо нічога не пагражае.
На з'езд дэлегаты паспелі.-0-
БЕЛТА
Дэлегаты з'езду БРСМ па дарозе на моладзевы форум выратавалі ў Бегамлі пацярпелага ў ДТЗ
12.12.20110 праглядаў