14 лютага, Глыбокае /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім павінен прыцягнуць у горад турыстаў і прынесці раёну прыбытак. Такі загад перад мясцовай вертыкаллю паставіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на нарадзе, прысвечанай падрыхтоўцы да правядзення ў Глыбокім Дня беларускага пісьменства, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Свята пройдзе ў Глыбокім 2 верасня. Да гэтага часу ў горадзе трэба будзе прывесці ў парадак аб'екты жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльна-культурнай сферы, аховы здароўя, адміністрацыйныя будынкі прамысловых прадпрыемстваў. Па папярэдняй ацэнцы, на гэта спатрэбіцца каля Br160 млрд. Старшыня Віцебскага аблвыканкама запатрабаваў звярнуць увагу не толькі на аб'екты горада, які прымае свята, але і на інфраструктуру ўсяго раёна. Да ўдзелу ў падрыхтоўцы Дня беларускага пісьменства неабходна прыцягнуць не толькі сродкі бюджэту, але і спонсараў, лічыць губернатар. Разам з тым Аляксандр Косінец запатрабаваў выключыць неабгрунтаваныя выдаткі. На яго думку, будаўніцтва амфітэатра ў Глыбокім, прапанаванае мясцовым выканкамам, не мэтазгодна. "Лепш укласці сродкі ў гарадскі стадыён, завяршыць трэцюю чаргу яго будаўніцтва і тут праводзіць спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы", - сказаў ён. На думку губернатара, кожны ўводны аб'ект неабходна разглядаць з пункту гледжання патрэбы ў ім жыхароў раёна, якую карысць ім прынясе і калі акупіцца ўкладзеныя сродкі. "Дзень беларускага пісьменства праходзіць у Глыбокім у Год кнігі, таму свята павінна стаць запамінальным, паказаць усю глыбіню і самабытнасць беларускай культуры", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. Па даручэнні Аляксандра Косінца, да 15 сакавіка будуць дапрацаваны план падрыхтоўкі горада і праект плана святочных мерапрыемстваў.-0-

БЕЛТА