19 верасня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Акцыя "Дзень без аўтамабіля" пройдзе ў Беларусі 22 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Мерапрыемства накіравана на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем забруджвання паветра ў гарадах краіны. Нягледзячы на тое, што аўтатранспартны комплекс з'яўляецца найважнейшай галіной эканомікі, якая задавальняе патрэбу грамадства і насельніцтва ў перавозках, ён у той жа час і найбуйнейшы забруджвальнік навакольнага асяроддзя. У маштабах краіны доля транспарту ў сумарных выкідах забруджвальных рэчываў у атмасферу ад усіх крыніц дасягае 72%. Дзякуючы мерам, якія прымаюцца ў Беларусі па зніжэнні шкоднага ўздзеяння транспарту на навакольнае асяроддзе, у мінулым годзе ўдалося паменшыць выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад мабільных крыніц, якія ў цэлым па рэспубліцы склалі 942,3 тыс. т і знізіліся да ўзроўню 2009 года на 194,9 тыс. т, або на 17,1% пры павелічэнні парку аўтатранспартных сродкаў за гэты перыяд на 4,8%. У 2010 годзе ў сярэднім за дзень у Беларусі ў атмасферу выкідвалася з адпрацаванымі газамі каля 2,6 тыс. т забруджвальных рэчываў (у 2009 годзе - каля 3 тыс. т), у тым ліку па Мінску - прыкладна 430 т. За 2010 год у Беларусь было ўвезена 209 012 адзінак аўтатранспартных сродкаў, у тым ліку 193 710 адзінак увайшло ад фізічных асоб. З агульнай колькасці ўвезеных аўтамабіляў 10,2% склалі аўтамабілі ўзростам да 3 гадоў, 33,5% - ад 3 да 7 гадоў, больш за 56,3% - узростам звыш 7 гадоў. У сярэднім пры прабегу аўтамабілем у год 15 тыс. км ім спальваецца больш за 2 т паліва і спажываецца каля 30 т паветра. Пры гэтым у атмасферу выкідваецца каля 700 кг угарнага газу (СО), 400 кг дыяксіду азоту, 230 кг вуглевадародаў і іншых забруджвальных рэчываў, агульная колькасць якіх складае больш чым 200 найменняў. Штогод у атмасфернае паветра з адпрацаванымі газамі мабільнымі крыніцамі выкідваецца каля 1 млн. т забруджвальных рэчываў.