10 мая ў Лепелі адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Дня Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Удзел у мерапрыемстве прынялі жыхары лепельшчыны, прадстаўнікі органаў улады, ветэраны, працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, установы адукацыі раёна, моладзь.

Прывітаў прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан:

— Сёння мы адзначаем адно з самых значных свят нашай краіны — Дзень Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Гэтыя сімвалы — не проста афіцыйныя атрыбуты. У кожным іх элеменце зашыфраваны генетычны код нашага народа. У золаце коласаў герба — наша стваральная праца, у чырвонай паласе флага — мужнасць продкаў, у словах гімна — наша шчырая любоў да роднай зямлі. Захаванне гістарычнай памяці сёння — гэта не проста даніна павагі мінуламу, гэта залог нашай будучыні. У кожным маладым сэрцы сёння — надзея нашай краіны. Выхоўваючы павагу да дзяржаўных святыняў, мы перадаём новаму пакаленню не проста афіцыйныя сімвалы, а жывую гісторыю, цяпло роднага дома, а галоўнае — гордасць за тое, што мы — беларусы. Мы ганарымся сваім мінулым і ўпэўнена глядзім у будучыню, пакуль у нашых сэрцах жывая памяць аб нашых вытоках.


У святочны дзень узнагароду за лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы атрымалі працоўныя калектывы Лепельшчыны:

-у сферы адукацыі — ДУА «Слабадская сярэдняя школа імя М.М. Пшёнкі Лепельскага раёна»

-у сферы культуры — УК «Лепельскі раённы краязнаўчы музей»

-у сферы сельскагаспадарчай вытворчасці — сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Пражэктар-агра»

-у сферы лясной гаспадаркі — калектыў дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Лепельскі лясгас»

-у банкаўскай сферы: калектыў адкрытага акцыянернага таварыства «Ашчадны банк «Беларусбанк» філіяла ў г. Лепелі № 211

-у сферы аховы здароўя і аздараўлення: калектыў камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Жамчужына»

-у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: калектыў КУВП «Бароўка».


Ад імя маладога пакалення Лепельскага раёна клятву вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь прынялі лепшыя выпускнікі школ горада Лепеля, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, спорце і творчасці.


Таксама сённяшні дзень стаў памятным для юных лепельчан, бо 130 школьнікаў сталі членамі грамадскага аб'яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя».

«Я, уступаючы ў шэрагі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, перад сваімі сябрамі ўрачыста абяцаю: любіць сваю Радзіму, быць добрым, сумленным і справядлівым, заўсёды прытрымлівацца Статута і традыцый Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі!» — прынялі Клятву хлопцы.

Галстукі піянерам павязалі члены партый і грамадскіх аб'яднанняў Лепельшчыны, прадстаўнікі суда, ваеннага камісарыята, дэпутацкага корпуса