Дзень адкрытых дзвярэй прайшоў у Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласці. У ім прынялі ўдзел 10 адзінаццацікласнікаў, якія жадаюць звязаць сваю прафесійную дзейнасць з кантрольным ведамствам.

Але толькі адзін з запрошаных на мерапрыемства 11-класнікаў з Віцебска, Наваполацка, Лепеля і Оршы атрымае мэтавае накіраванне ад КДК вобласці для паступлення на спецыяльнасць «дзяржаўны аўдыт». Імя мэтавіка вызначыцца ў ходзе конкурсу, найважнейшым этапам якога стане вусны экзамен па матэматыцы.

Спецыяльнасць «дзяржаўны аўдыт» у БДУ адкрыта ў 2023 годзе па ініцыятыве Камітэта дзяржкантролю. У цяперашні час па дадзеным профілі навучаецца 25 студэнтаў, частка з іх – па мэтавым накіраванні. Адзін з іх – з Віцебскай вобласці.

– Традыцыйна ў нашу арганізацыю запрашаліся на працу людзі, якія маюць працоўны стаж і годна праявілі сябе ў сумежных сферах дзейнасці, – адзначыў старшыня Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Уладзімір Гадзяцкі. – Цяпер мы вырашылі самі выгадаваць для сябе маладых спецыялістаў і вось другі год праводзім набор на мэтавую падрыхтоўку.

У межах дня адкрытых дзвярэй старшакласнікаў падрабязна азнаёмілі з працай Камітэта дзяржкантролю, абазначылі перспектывы магчымага супрацоўніцтва. Кіраўнік абласнога ведамства нагадаў выпускнікам, што незалежна ад вынікаў конкурсу ў іх ёсць магчымасць па заканчэнні ВНУ падаць сваё рэзюмэ ў аддзел кадраў на разгляд. Таксама хлопцам падрабязна расказалі пра ўмовы службы ў фінансавай міліцыі – ваенізаваным падраздзяленні рэспубліканскага КДК, дзе будуць рады бачыць у якасці суіскальнікаў здольных і моцных юнакоў.

Дар'я Хомчанка, вучаніца віцебскай СШ № 12 ім. Л. Філіпенкі:

– Адзін з маіх любімых прадметаў – грамадазнаўства, дзякуючы яго паглыбленаму вывучэнню я зацікавілася эканомікай, планую паступаць у БДУ на спецыяльнасць «дзяржаўны аўдыт». Таксама ў кола маіх інтарэсаў уваходзіць спорт – 8 гадоў займалася мастацкай гімнастыкай. Вольны час прысвячаю чытанню мастацкай літаратуры. Стараюся ўсебакова развівацца, імкнуся максімальна раскрыць свае таленты і ў будучыні прыносіць карысць грамадству.

Гардзей Сухадолец, навучэнец Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву:

– З ранняга ўзросту прафесійна займаюся дзюдо, з’яўляюся кандыдатам у майстры спорту. Пастаянныя трэніроўкі навучылі мяне дысцыпліне і самакантролю. Я не баюся рашуча дзейнічаць. Калі нешта не атрымліваецца – здабываю ўрокі і спрабую зноў. Хачу стаць добрым эканамістам. Спецыяльнасць «дзяржаўны аўдыт» мне цікавая тым, што дзякуючы ёй можна атрымаць выдатныя веды ў галіне дзяржаўнага кіравання, фінансаў і пабудаваць паспяховую кар'еру.

vitebsk-region.gov.by