2 верасня, Глыбокае /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Дзень беларускага пісьменства дапаможа Глыбокаму стаць значным турыстычным цэнтрам Віцебшчыны і ўсёй краіны. Такое меркаванне выказаў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі, старшыня нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня пісьменства Анатоль Тозік, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Анатоль Тозік зачытаў прывітанне ўдзельнікам, накіраванае Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Віцэ-прэм'ер адзначыў, што не толькі арганізацыйны камітэт, але і мясцовыя жыхары зрабілі нямала для таго, каб годна сустрэць гасцей і ў поўнай меры прадэманстраваць багатыя культурныя традыцыі свайго краю. Дзякуючы добрай арганізацыі Дня пісьменства і працы жыхароў горада і раёна ў далейшым Глыбокае атрымае свой развіццё як значны турыстычны цэнтр Віцебшчыны і ўсёй краіны, перакананы ён. У сваю чаргу намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза адзначыў, што якую б ролю ні гулялі ў сучасным жыцці аўдыёвізуальныя сродкі масавай інфармацыі, кніга ў яе класічным друкаваным выглядзе застаецца лепшым і самым надзейным сябрам чалавека, яго выхавацелем, настаўнікам і памочнікам. Па словах Івана Бамбізы, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы заўсёды актыўна падтрымліваў праекты, накіраваныя на развіццё агульнай інфармацыйнай прасторы Беларусі і Расіі, што асабліва датычыцца выдавецкіх ініцыятыў. "Добрай традыцыяй Дня пісьменства стала ўзнагароджанне дзеячаў культуры і мастацтва спецыяльным дыпломам за працу, накіраваную на ўмацаванне дружбы народаў дзвюх краін", - сказаў ён. У гэтым годзе ўзнагароды атрымалі пісьменнік і сацыёлаг кіраўнік Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" Валерый Казакоў, а таксама РВУ "Літаратура і Мастацтва". Удзельнікаў Дня беларускага пісьменства таксама прывіталі епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі БПЦ Веніямін і старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Мархат.-0-

БЕЛТА