2 верасня, Глыбокае /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Дзень пісьменства пераўтварае беларускія гарады. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам у Глыбокім міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Алег Праляскоўскі нагадаў, што Дзень беларускага пісьменства з году ў год праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады гэтае свята ўжо адзначалася ў Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Каменцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах. "З году ў год гэтае свята праводзіцца ў невялікіх гарадах, якія аднак валодаюць асаблівым каларытам. За гэты час усе яны пераўтварыліся", - адзначыў міністр інфармацыі. Сёлета, калі ў Беларусі на рэспубліканскім узроўні адзначаецца Год кнігі, праграма Дня пісьменства атрымала сімвалічную назву "Прысвячэнне Году кнігі". "Беларусь застаецца адной з самых чытаючых краін у СНД: у сярэднім на кожнага жыхара выпускаецца па 4 кнігі", - падкрэсліў Алег Праляскоўскі. У 2013 годзе Дзень беларускага пісьменства прыме Быхаў Магілёўскай вобласці. Сёння ўвечары ў завяршэнне свята Глыбокае перадасць эстафету Быхаву.-0-

БЕЛТА