23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзень работнікаў дзяржаўнай статыстыкі адзначаецца сёння ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА. Дзяржаўная статыстыка Беларусі прайшла доўгі шлях станаўлення, які неадрыўна звязаны з гісторыяй краіны. У XIX стагоддзі статыстыка Беларусі практычна была часткай агульнарасійскай статыстыкі. На пачатку XX стагоддзя ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне існавалі статыстычныя аддзелы, якія ў 1918 годзе дэкрэтам СНК РСФСР былі ператвораны ў губернскія статыстычныя бюро. Фарміраванне ў Беларусі рэспубліканскага статыстычнага цэнтра пачалося пасля абвяшчэння 1 студзеня 1919 года Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Пастановай Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта рэспублікі 23 жніўня 1920 года пачалі фарміравацца статыстычныя ўстановы на тэрыторыі рэспублікі. Па меры развіцця народнай гаспадаркі ўскладняліся гаспадарчыя сувязі, узрасталі аб'ёмы выкарыстаных матэрыяльных рэсурсаў, павялічваўся выпуск прадукцыі. Усё гэта патрабавала бесперапыннага ўдасканалення дзяржаўнай статыстыкі. На гэта і былі накіраваны меры па павышэнні статусу цэнтральнага органа кіраўніцтва статыстыкай. У 80-я гады дзейнічала Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне БССР, затым яно было ператворана ў саюзна-рэспубліканскі Дзяржаўны камітэт Беларускай ССР па статыстыцы. У 1990 годзе ён быў перайменаваны ў Дзяржаўны камітэт БССР па статыстыцы і аналізе. Затым указам ад 23 верасня 1994 года гэты камітэт быў ператвораны ў Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі. І апошняя змена ў найменні адбылася ў 2008 годзе па ўказе ад 26 жніўня 2008 года №445, калі міністэрства было ператворана ў Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь. Як адзначылі ў Белстаце, галоўная задача ўдасканалення і перабудовы статыстыкі - стварыць надзейную інфармацыйную базу для эканамічнага аналізу і ацэнкі эфектыўнасці народнай гаспадаркі, выпрацоўкі рацыянальнай эканамічнай палітыкі і прыняцця абгрунтаваных рашэнняў на ўсіх узроўнях кіравання, прагназавання эканамічных працэсаў ва ўмовах рынкавых адносін. Праводзіцца статыстычнае назіранне за ходам рынкавых пераўтварэнняў, прадстаўляецца статыстычная інфармацыя міжнародным арганізацыям у адпаведнасці з прынятымі ўрадам рэспублікі абавязацельствамі.