6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Дзень Саюзнай дзяржавы ў "Жамчужыне", прысвечаны 10-годдзю рэалізацыі саюзнага мерапрыемства па арганізацыі лячэння і аздараўлення дзяцей з раёнаў Беларусі і Расіі, найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, пройдзе ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры "Жамчужына" (Віцебская вобласць) 8 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры. З бюджэту Саюзнай дзяржавы ўжо на працягу 10 гадоў фінансуюцца мерапрыемствы па арганізацыі лячэння і аздараўлення дзяцей з раёнаў, найбольш пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС. Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр "Жамчужына" з'яўляецца адным з пастаянных выканаўцаў праграмы Саюзнай дзяржавы ў гэтым пытанні з 2004 года. За гэты час у ім прайшлі курс аздараўлення і спецыялізаванага лячэння больш за 1,8 тыс. дзяцей. У цэнтры адзначылі, што саюзная праграма па арганізацыі лячэння і аздараўлення дзяцей з раёнаў Беларусі і Расіі, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, мае велізарнае сацыяльнае і выхаваўчае значэнне, паколькі спрыяе фарміраванню пазітыўнага стаўлення моладзі да інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы і ўсталяванню сяброўскіх сувязяў паміж дзецьмі з дзвюх краін. Сёння ў ДРАЦ "Жамчужына" праходзяць курс лячэння і аздараўлення 110 дзяцей з трох абласцей Расіі: Бранскай, Калужскай і Тульскай, а таксама 350 дзяцей з пацярпелых раёнаў Гомельскай вобласці. У свяце прымуць удзел прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, адміністрацый абласцей Беларусі і Расіі, прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, беларускіх і расійскіх лячэбна-аздараўленчых арганізацый, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі саюзнай праграмы. Падчас мерапрыемства яны сустрэнуцца з дзецьмі, якія знаходзяцца ў здраўніцы, азнаёмяцца з арганізацыяй іх адпачынку і аздараўлення, а таксама правядуць круглы стол, на якім падвядуць вынікі дзесяцігадовай рэалізацыі Саюзнага мерапрыемства па арганізацыі лячэння і аздараўлення дзяцей з раёнаў Беларусі і Расіі, найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.-0-

БЕЛТА