XXVI Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" афіцыйна стартаваў, і другі дзень мерапрыемстваў пройдзе пад знакам Саюзнай дзяржавы, паведамляе БЕЛТА.
XXVI Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" афіцыйна стартаваў, і другі дзень мерапрыемстваў пройдзе пад знакам Саюзнай дзяржавы, паведамляе БЕЛТА.
Традыцыйным госцем мерапрыемстваў стане дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, які з самай раніцы ўскладзе кветкі да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны, наведае Музей-сядзібу І. Рэпіна "Здраўнёва", дзе стане ўдзельнікам круглага стала на тэму "Мастацкая і літаратурная спадчына будучым пакаленням". А ўвечары ў Летнім амфітэатры гледачы збяруцца паслухаць любімыя песні ансамбля "Сябры" на юбілейным канцэрце калектыву "Саюзная дзяржава запрашае...".
Зрэшты, не толькі дружба народаў Беларусі і Расіі адзначыць гэты дзень. Ён абяцае быць шматнацыянальным: крыху раней увечары на сцэне Летняга амфітэатра выступяць вядомыя артысты і калектывы Украіны, а ў віцебскай філармоніі заваююць сэрцы славян запальнымі танцамі і грудным спевам грузінскія мужчыны ансамбля "Аліло". І зноў беларускія нацыянальныя матывы запоўняць плошчу Перамогі: увечары тут пачнецца першая частка праграмы Дзён моладзі на "Славянскім базары" - праект БРСМ Disco-folk "Вышыванка.by".
Хвалюючай падзеяй гэтага дня стане паўфінал XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2017". 21 удзельнік выступіць на сцэне Канцэртнай залы "Віцебск" з песнямі кампазітараў сваіх краін і на роднай мове, а журы пасля невялікай нарады назаве імёны 15 шчасліўчыкаў, якія пройдуць у фінал.
Хэпенінгі для дзяцей і дарослых, казкі-камедыі ад гасцей "Лялечнага квартала" чакаюць наведвальнікаў Беларускага тэатра "Лялька". Праект "Тэатральныя сустрэчы" працягне чарговая камедыя. На сцэне Коласаўскага тэатра спектакль "Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў" прадставіць Тэатр-студыя кінаакцёра (Беларусь). На поўную моц зарадзіць інтэрактывам на віцебскіх вуліцах фэст "На сямі вятрах". Кожная з яго пляцовак у гэту пятніцу парадуе гледачоў і выпадковых мінакоў. Маскоўскі тэатр лялек разыграе традыцыйную народную камедыю "Пятрушка", будуць ладзіць перформансы і залучаць у гульнявыя праграмы ўдзельнікі арт-студый, буфанады, хадулісты і артысты тэатра ценяў. Вуліца Талстога ператворыцца ў музычны Арбат і галерэю жывых статуй, сквер Маякоўскага - у фотагалерэю. Працягне радаваць гастранамічнымі шэдэўрамі і драйвовай музыкай Festпікнік у парку Фрунзе.
У наступны фестывальны дзень гледачоў "Славянскага базару" гучна перанясе начны канцэрт "Залаты хіт" з удзелам вядомых айчынных і замежных выканаўцаў: Інны Афанасьевай, Алега Жукава, Ірыны Дарафеевай, Азізы, Жасмін, гуртоў "Дыскамафія", "На-На", "Адпетыя махляры", Londonbeat, Хуліа Іглесіаса-малодшага і многіх іншых.
Мерапрыемствы XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдуць да 19 ліпеня.