2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грашова-крэдытная палітыка ў Беларусі ў 2013 годзе будзе дастаткова жорсткай, курс валюты свабодным. Пра гэта заявіў сёння на пасяджэнні Саўміна прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік урада падкрэсліў, што фундаментам доўгатэрміновага развіцця служыць макраэканамічная збалансаванасць. "Бюджэт 2013 года будзе бездэфіцытным, параметры грашова-крэдытнай палітыкі - дастаткова жорсткімі, курс валюты - свабодным, - адзначыў ён. - Гэта базавыя ўмовы, якія нязменныя. Гэта тое, што называецца жыць па сродках". Аналізуючы асноўныя прагнозныя паказчыкі на наступны год, Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што суб'ектам гаспадарання даведзена сем галоўных прагнозных паказчыкаў. Гэта рост экспарту тавараў і паслуг, сальда знешняга гандлю, чысты прыбытак, рэнтабельнасць, суадносіны экспарту і аб'ёмаў вытворчасці. Канцэнтрацыя на гэтых асноўных параметрах дазволіць органам кіравання накіраваць намаганні на галоўнае, знізіць вал запытаў і іншай бюракратыі, якая часта ярка праяўляецца. "Кіраваць - гэта не значыць збіраць зводкі. Патрэбна жывая праца з кадрамі і актыўная знешнеэканамічная дзейнасць", - заявіў Міхаіл Мясніковіч. Ён папрасіў усіх дакладчыкаў канцэнтравацца на пытаннях структурных рэформ, мадэрнізацыі эканомікі, інавацыйнага развіцця, стымулявання эканомікі і беражлівасці. Усе прапановы павінны быць ясныя і канструктыўныя.-0-

БЕЛТА