29 снежня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Грашовыя нормы на ўтрыманне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, узрастуць у Беларусі з 1 студзеня 2012 года, паведаміў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, які сёння наведаў Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна Мінска ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", перадае карэспандэнт БЕЛТА. У адпаведнасці з пастановай Саўміна ад 28 снежня 2011 года №1748 з 1 студзеня 2012 года павялічваюцца грашовыя нормы на ўтрыманне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ад 1,7 да 2,2 раза ў залежнасці ад месца ўладкавання дзіцяці на выхаванне. "Гэта дастаткова адчувальнае павышэнне, у сярэднім у 1,9 раза", - адзначыў прэм'ер-міністр. Дадзенае рашэнне прынята ў рамках агульнай сацыяльнай палітыкі, якая рэалізуецца ў краіне ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта. "Гэтая тэма пастаянна на кантролі ў Прэзідэнта і ўрада, - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. - Тая сацыяльная палітыка, якая намечана і зацверджана кіраўніком дзяржавы, рэалізуецца. Магчымасці нашай дзяржавы дазваляюць у пэўнай ступені ўзмацніць сацыяльную накіраванасць нашага бюджэту, каб сем'і, якія выхоўваюць такіх дзяцей, былі ў большай ступені падтрыманы дзяржавай". Падводзячы вынікі года, які праходзіць, кіраўнік урада адзначыў, што ацэньвае іх дастаткова пазітыўна. "У нас сфарміраваны нядрэнныя золатавалютныя рэзервы, мы выходзім у наступны год практычна з бездэфіцытным бюджэтам. Галоўнае, што стабілізаваны спажывецкі і валютны рынкі. Ёсць пэўны аптымізм", - сказаў ён. Дзякуючы дамоўленасцям, дасягнутым на ўзроўні прэзідэнтаў і ўрадаў Беларусі і Расіі, удалося ўрэгуляваць усе пытанні па цэнах і аб'ёмах паставак энергарэсурсаў на 2012 год. Разам з тым, у будучым годзе краіне давядзецца прыняць крокі па павелічэнні экспарту, выхадзе на станоўчае сальда знешняга гандлю. "У годзе, які праходзіць, створаны нядрэнны задзел для дынамічнага развіцця эканомікі краіны ў 2012 годзе, вырашэння сацыяльных задач і павышэння жыццёвага ўзроўню нашых грамадзян, - дадаў Міхаіл Мясніковіч. - Рэальна можна гаварыць аб павышэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва з пачаткам 2012 года. Мы дастаткова ўпэўнена ўваходзім у новы год".