Дэнамінацыя афіцыйнай грашовай адзінкі праведзена ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Дэнамінацыя афіцыйнай грашовай адзінкі праведзена ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 4 лістапада 2015 года падпісаў указ №450 "Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь". Дакументам пастанаўлялася правесці з 1 ліпеня 2016 года дэнамінацыю афіцыйнай грашовай адзінкі Беларусі і правесці замену па 31 снежня 2016 года грашовых знакаў узору 2000 года ў выглядзе банкнот, што знаходзяцца ў абарачэнні, на грашовыя знакі ўзору 2009 года ў выглядзе банкнот і манет у суадносінах Br10 тыс. у грашовых знаках узору 2000 года да 1 беларускага рубля ў грашовых знаках узору 2009 года.
Памятныя банкноты, выпушчаныя ў абарачэнне Нацыянальным банкам, з 1 ліпеня падлягаюць прыёму пры ўсіх відах плацяжоў без абмежаванняў у суадносінах, паказаным вышэй, памятныя і зліткавыя (інвестыцыйныя) манеты, выпушчаныя ў абарачэнне Нацбанкам, падлягаюць прыёму па наміналах пры ўсіх відах плацяжоў без абмежаванняў.
Указам устанаўліваецца, што 1 беларускі рубель узору 2009 года роўны 100 беларускім капейкам узору 2009 года.
З 1 ліпеня па 31 снежня грашовыя знакі ўзору 2000 года і грашовыя знакі ўзору 2009 года знаходзяцца ў паралельным абарачэнні і абавязковыя да прыёму пры ўсіх відах плацяжоў без абмежаванняў у паказаным вышэй суадносінах.
Абмен старых грашовых знакаў на новыя ажыццяўляецца без абмежаванняў і без спагнання ўзнагароджання з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019 года - у Нацыянальным банку, банках і небанкоўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Беларусі, з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2021 года - у Нацыянальным банку.
З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года вытворцы, прадаўцы, пастаўшчыкі, выканаўцы і іх прадстаўнікі пры прадастаўленні спажыўцам інфармацыі аб прапанаваных таварах (работах, паслугах) абавязаны паказваць цэны (тарыфы) у грашовых знаках узору 2000 года і грашовых знаках узору 2009 года.
Нацыянальнаму банку даручана забяспечыць выпуск у абарачэнне грашовых знакаў узору 2009 года і вывад з абарачэння грашовых знакаў узору 2000 года з улікам палажэнняў указа.