20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэнамінацыя ў гэтым годзе ў Беларусі праводзіцца не будзе, заявіла сёння журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Пытанне па дэнамінацыі ў нас не стаіць у гэтым годзе, а наступны год пакажа, у якіх лічбах у нас будзе ісці лік, г.зн. колькі будзе нулёў", - сказала кіраўнік Нацбанка. Паводле яе слоў, "пакуль гэтае пытанне на парадку дня не стаіць". Адказваючы на пытанні журналістаў аб тым, які меры будзе ў далейшым прымаць Нацбанк у барацьбе з інфляцыяй, Надзея Ермакова падкрэсліла, што прадугледжваецца рэалізацыя цэлага комплексу мер. Паводле яе слоў, выхаду на адзіны курс беларускага рубля недастаткова. Урадам і Нацбанкам распрацаваны план мерапрыемстваў па стабілізацыі валютнага рынку. "Разам з урадам распрацавана праграма, і калі мы ўсё па ёй выканаем, зможам змагацца з інфляцыяй", - адзначыла Надзея Ермакова. Кіраўнік Нацбанка дадала, што свой уклад у вырашэнне гэтай задачы можа ўнесці кожны грамадзянін, працуючы на сваім месцы добрасумленна і адказна, і такім чынам прыносячы карысць эканоміцы краіны. "Інфляцыя залежыць ад таго, наколькі эфектыўна працуе эканоміка", - заўважыла Надзея Ермакова. -0-

БЕЛТА