28 ліпеня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Дэпартамент па хлебапрадуктах Мінсельгасхарча накіраваў ліст на адрас абласных камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні з патрабаваннем паскорыць тэмпы здачы збожжа ў кошт дзяржзаказу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле рэсурсаў і гандлю Дэпартамента па хлебапрадуктах Мінсельгасхарча.
Рэкамендавана весці дбайны адбор збожжа па якасных параметрах, каб у дзяржаўны рэзерв нарыхтаваць збожжа з высокім утрыманнем клейкавіны.
Дзяржзаказ у гэтым годзе складае 990 тыс.т (482 тыс.т пшаніцы, 300 тыс.т жыта, 208 тыс.т іншых культур) і 149 тыс.т алею рапсу для камбікормавай прамысловасці.
На 28 ліпеня ў кошт дзяржзаказу адгружана 279,4 тыс.т збожжа, што дазволіла выканаць заданне на 28,7%. На нарыхтоўчыя арганізацыі пастаўлена 120,8 тыс.т пшаніцы, 112,3 тыс.т жыта, 46,3 тыс.т іншых культур, што адпаведна складае 25%, 37% і 22% да задання.
Па тэмпах здачы збожжа дзяржаве лідзіруюць гаспадаркі Магілёўскай вобласці, якія выканалі заданне на 44%. Гомельская вобласць справілася з дзяржзаказам на 40%, Гродзенская - на 25%, Мінская - на 23%, Брэсцкая - на 22%, Віцебская - на 17%.
Усяго ў нарыхтоўках прымаюць удзел 85 арганізацый, у тым ліку 21 камбінат хлебапрадуктаў, 13 камбікормавых заводаў, 9 хлебапрыёмных прадпрыемстваў, 4 нарыхтоўчыя элеватары, 38 вытворчых участкаў. Іх праца арганізавана ў кругласутачным рэжыме. Асноўная ачыстка і сушка збожжа, падпрацоўка і дапрацоўка яго да патрабаваных па стандарце кандыцый вядзецца непасрэдна ў гаспадарках. У сістэме дэпартамента хлебапрадуктаў пры неабходнасці могуць быць задзейнічаны наяўныя збожжасушыльныя комплексы. Тэхнічная аснашчанасць арганізацый дэпартамента дазваляе штодня прымаць 120 тыс.т збожжа. Прадпрыемствы галіны маюць магчымасць адначасова захоўваць звыш 2,5 млн.т.-0-
БЕЛТА
Дэпартамент па хлебапрадуктах патрабуе паскорыць здачу збожжа ў дзяржзаказ у рэгіёнах
28.7.20100 праглядаў