Сустрэча пачалася з прыемнага моманту – ад імя кіраўнічага актыву Лепельшчыны і дэпутатаў старшыня раёна Міхаіл Кісялевіч з Днём нараджэння павіншаваў начальніцу аддзела эканомікі Святлану Палячэнка.
Далей дэпутаты прыступілі да разгляду пытанняў парадку дня сесіі. Аб сваёй працы, дзейнасці прэзідыума і становішчы спраў на падведамаснай тэрыторыі расказаў лідар дэпутацкага корпуса Ігар Урбан. Яго даклад дапоўнілі іншыя выступаючыя.
Добраўпарадкаванне, праца з моладдзю, удзел у грамадска-палітычным жыцці раёна, праца па патрыятычным выхаванні, якасць жыцця на вёсцы, развіццё беларуска-расійскіх адносін, праца са зваротамі грамадзян – гэтыя і іншыя тэмы гучалі падчас дакладаў.
— Праца дэпутацкага корпуса накіравана на ўстойлівае развіццё раёна на аснове балансу інтарэсаў жыхароў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прыватнага бізнесу, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця грамадзян. Гэта нашы галоўныя прыярытэты. Менавіта трывалы эканамічны фундамент дазваляе нам дасягнуць гэтага балансу, забяспечыць даходную частку бюджэту для выканання сацыяльных задач. Вынікі працы па ўсіх галінах народнай гаспадаркі раёна рэгулярна заслухоўваюцца і аналізуюцца ў адказах раённага выканаўчага камітэта. Больш падрабязна вынікі года і пяцігодкі будуць разгледжаны на снежаньскай сесіі раённага Савета дэпутатаў, — адзначыў Ігар Генадзевіч.
Адзначым, удзел у гэтай сесіі прынялі і члены Маладзёжнага савета пры Лепельскім раённым Савеце дэпутатаў. Для іх прысутнасць на такім мерапрыемстве – першы вопыт. Як адзначыла Марыя Коўлер, намеснік старшыні Маладзёжнага савета, было цікава назіраць за працай сесіі, слухаць дакладчыкаў і ацэньваць фронт праведзенай дэпутатамі работы. “Спадзяюся, мы таксама калі-небудзь будзем выступаць за трыбунай”, — адзначыла дзяўчына.