23 лютага, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Дэпутаты адобрылі Праграму дзейнасці ўрада Беларусі на 2011-2015 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўляючы дэпутатам праграму, прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што гэты дакумент з'яўляецца свайго роду "дарожнай картай" урада па выкананні задач чацвёртага Усебеларускага народнага сходу і даручэнняў кіраўніка дзяржавы.
Асаблівасць праграмы ў тым, што яна носіць характар прамога дзеяння, персаніфікавана. Меры, закладзеныя ў праграме, ствараюць механізм рэалізацыі найважнейшых задач дзяржавы.
Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што ўраду Беларусі пастаўлены беспрэцэдэнтна напружаныя задачы: "У бягучай пяцігодцы неабходна выйсці на тэмпы і якасць эканамічнага росту, якія дэманстравалі Кітай, Карэя, Сінгапур і іншыя "азіяцкія тыгры", якія здзейснілі тэхналагічны рывок у сваім развіцці. Асаблівасць сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2015 года складаецца і ў тым, што рабіць гэта давядзецца ва ўмовах посткрызіснага аднаўлення глабальнай эканомікі, а гэты працэс у свеце ідзе дастаткова павольна".
Прэм'ер-міністр паведаміў, што ўрад Беларусі мае намер сур'ёзна змяніць стыль і метады працы, каб стварыць умовы для выканання задач пяцігодкі. "Мы створым неабходныя матывацыйныя механізмы і пастараемся раскрэпасціць ініцыятыву і прадпрымальнасць беларускіх грамадзян", - адзначыў ён.
Кіраўніку дзяржавы ўжо ўнесены канкрэтныя прапановы па кардынальным паляпшэнні падатковага дэкларавання, удасканаленні механізмаў прыватызацыі.
Па словах кіраўніка беларускага ўрада, у бягучай пяцігодцы якасныя паказчыкі развіцця эканомікі (эфектыўнасць, рост прадукцыйнасці працы, экспарту і актыўнага сальда знешняга гандлю) эвалюцыйна заменяць планавыя аб'ёмныя паказчыкі.
Таксама ўрад забяспечыць роўныя ўмовы эфектыўным і сацыяльна адказным уласнікам незалежна ад таго, дзяржаўнае гэта прадпрыемства ці прыватнае, айчыннае ці замежнае. -0-
БЕЛТА
Дэпутаты ўхвалілі Праграму дзейнасці ўрада Беларусі на 2011-2015 гады
23.2.20110 праглядаў