20 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу адкрыюцца ў студзені ў Шуміліне і Чашніках, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Цяпер работы на гэтых аб'ектах, разлічаных на ўтрыманне да 10 дзяцей, знаходзяцца на завяршальным этапе: вядзецца ўнутранае аздабленне памяшканняў, закупляецца мэбля, бытавая тэхніка, хатні посуд і іншыя неабходныя рэчы для абсталявання дамоў. Паралельна на конкурснай аснове вядзецца падбор будучых прыёмных бацькоў. У кожным з раёнаў на гэта права прэтэндуюць 3-4 сям'і, практычна ў кожнай з якіх ужо выхоўваюцца ўласныя і прыёмныя дзеці. Работнікі аддзелаў адукацыі знаёмяцца з педагагічным вопытам бацькоў і вызначаюць іх гатоўнасць да папаўнення сям'і. Імёны шчаслівых навасёлаў плануецца вызначыць да Новага года. Усяго, пачынаючы з 2006 года, па дзяржпраграме "Дзеці Беларусі" ў Віцебскай вобласці пабудавана 15 дамоў для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот, у Віцебскім, Верхнядзвінскім, Мёрскім, Глыбоцкім, Докшыцкім, Аршанскім, Лепельскім раёнах, Оршы і Гарадку. Сваю сям'ю ў іх знайшлі 112 дзяцей. У рэгіёне праводзіцца мэтанакіраваная і планамерная работа па пераводзе дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на сямейныя формы прыладкавання. Стварэнне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у гэтай дзейнасці, адзначылі ва ўпраўленні адукацыі. У Віцебскай вобласці пражываюць звыш 200 тыс. дзяцей ва ўзросросце да 18 гадоў. Каля 4,5 тыс. дзяцей складаюць дзеці-сіроты і тыя, хто застаўся без апекі бацькоў, больш за палову з іх выхоўваюцца ў сем'ях, што іх замяняюць. Усыноўлены з пачатку года звыш 80 дзяцей.-0-

БЕЛТА