1 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дзіцячы ўзорны ансамбль танца "Ягоза" цэнтра культуры "Віцебск" атрымаў запрашэнне на міжнародны фольклорны фестываль "Ісцібанска Здравоживо-2013", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры культуры.
Падставай для запрашэння стала феерычнае выступленне маленькіх танцораў на сёлетнім 27-м міжнародным фольклорным фестывалі "Ісцібанска Здравоживо-2012", які нядаўна завяршыўся ў Македоніі. На фольклорнае свята прыехалі калектывы з Балгарыі, Расіі, Румыніі, Сербіі, Харватыі. За тыдзень госці пазнаёміліся з нацыянальнай харэаграфіяй краін - удзельніц, якія прадэманстравалі самыя прыгожыя і паказальныя нумары. Віцебская "Ягоза" скарыла публіку беларускімі народнымі танцамі "Карагод", "Крыжачок", "Люлечка", "Перапалох". Як адзначыла кіраўнік ансамбля танца Людміла Самсонава, калектыў адчуў асаблівую ўвагу і жывую цікавасць да культуры Беларусі.
Ансамбль танца "Ягоза" створаны ў верасні 1997 года на базе Цэнтра культуры "Віцебск". У складзе ансамбля больш за сто дзяцей ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў.
Ансамбль актыўна ўдзельнічае ў гарадскіх, абласных мерапрыемствах і мерапрыемствах Цэнтра культуры "Віцебск", не раз выступаў на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Рэпертуар ансамбля спалучае традыцыйныя народныя і сучасныя папулярныя кампазіцыі ў танцавальным мастацтве. -0-
БЕЛТА
Дзіцячы ансамбль "Ягоза" з Віцебска атрымаў запрашэнне на фестываль у Македонію
1.10.20120 праглядаў