18 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыецца сёння ў Аршанскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Аршанскім райвыканкаме.

Новы аб'ект узведзены ў аграгарадку Забалоцце. У ім будзе жыць прыёмная сям'я Святланы Дашкевіч і Андрэя Торгана, якая выхоўвае сямерых дзетак: двух сваіх і пяць прыёмных. Сёння шчаслівае сямейства прымае гасцей. З наваселлем іх збяруцца павіншаваць прадстаўнікі мясцовых і абласных органаў улады, ААТ "АСБ Беларусбанк", які накіраваў на будаўніцтва дома каля Br3,2 млрд. Сертыфікаты на абутак членам сям'і ўручыць генеральны дырэктар СААТ "Белвест" Юрый Суманееў.

У райвыканкаме адзначылі, што ў цяперашні час у Аршанскім раёне ўжо дзейнічаюць два дзіцячыя дома сямейнага тыпу (у Оршы і вёсцы Есіпава), у якіх выхоўваюцца 15 дзяцей.

Усяго ў Віцебскай вобласці функцыянуе 19 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, у якіх пражываюць больш за 140 дзяцей. У гэтым годзе былі адкрыты два такія аб'екты - у Браслаўскім і Ушацкім раёнах. У цяперашні час працягваецца будаўніцтва яшчэ трох: у Талачынскім, Бешанковіцкім і Віцебскім раёнах. Іх здача намечана на канец гэтага года. Па апошніх даных, у вобласці пражываюць больш за 4 тыс. дзяцей-сірот, каля 70% з іх знаходзяцца на сямейных формах выхавання. У 800 прыёмных сем'ях падрастае 1,2 тыс. дзетак.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)