Необычны падарунак атрымалі сёння выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу з аграгарадка Клясціцы Расонскага раёна. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома ў прысутнасці кіраўніцтва раёна ўручылі ім новенькі міні-трактар «Беларус».
Сужэнцы Котавы выхоўваюць цяпер шасцярых дзяцей, якія засталіся без апекі біялагічных бацькоў. І, як аказалася, гісторыя такога нетрадыцыйнага навагодняга сюрпрызу для іх вельмі неардынарная. Год таму, у рамках акцыі «Нашы дзеці» віншуючы выхаванцаў гэтага сямейнага дзіцячага дома з надыходзячым святам, Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў выпадковую рэпліку. Прыёмны бацька, Анатоль Анатольевіч, распавядаў тады пра тое, як разам з жонкай прывучае дзяцей да працы на зямлі. Сам усё жыццё працаваў у мясцовай гаспадарцы механізатарам, жонка таксама знатная агародніца. Выгадавалі дваіх уласных дзяцей, падрастаюць чацвёра ўнукаў – усе людзі старанныя, працавітыя. А цяпер пад чулым кіраўніцтвам дарослых, з задавальненнем займаюцца вырошчваннем агародніны і шасцёра выхаванцаў – шаснаццацігадовая Даша, чатырнаццацігадовыя Ігар і Руслан, дванаццацігадовая Юля, адзінаццацігадовы Андрэй і нават трохгадовы Данііл.
– Нам бы трактар, – памарыў тады ўслых Анатоль Котаў. – Можна было б і зямельны надзел павялічыць – цяпліцы, градкі, сад… Плошчаў ужо не хапае, хоць цалкам забяспечваем сваю сям'ю ўсім неабходным – не толькі агароднінай, але і ягадамі, садавінай. Жонка, Ганна Леанідаўна, разам з дзяўчатамі варэнне варыць, кампаты загатвае. Прадукты смачныя, экалагічна чыстыя. Яшчэ і суседзяў частуем. Апрацоўваем прыкладна паўгектара, але мы б і гектар пацягнулі. Хацелася б і падсобную гаспадарку павялічыць – пакуль толькі куры ды качкі. Але толькі праблема ў тым, што голымі рукамі шмат не зробіш…