Абласны этап рэспубліканскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева Вясна - 2019" адбудзецца 11 красавіка ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (ВДТУ), паведамілі БЕЛТА ў абласным камітэце БРСМ.
За права прадстаўляць вобласць у фінале будуць спаборнічаць дзевяць прадстаўніц чатырох вышэйшых навучальных устаноў вобласці: ВДТУ, Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М. Машэрава, Полацкага дзяржуніверсітэта і Віцебскага філіяла міжнароднага ўніверсітэта "МИТСО".
Падчас падрыхтоўкі да шоу дзяўчаты ўжо прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі для дзяцей з дзіцячага дома Віцебска. Яны разам з дзецьмі прайшлі квэст у Цэнтры бяспекі МНС. Цяпер студэнткам-прыгажуням трэба будзе праявіць сябе ў інтэлектуальным выступленні, дэфіле-прэзентацыі, паказаць творчы нумар, агульную харэаграфічную пастаноўку і дэфіле ў купальніках. Агульнай тэмай усіх выпрабаванняў рэгіянальнага этапу стане Год малой радзімы.
Самая таленавітая, грацыёзная і артыстычная прадставіць вобласць у рэспубліканскім фінале конкурсу ў Мінску. Усяго ў абласных турах "Каралевы Вясны" бяруць удзел амаль 60 студэнтак.
Арганізатарамі і партнёрамі рэгіянальнага этапу конкурсу выступаюць Віцебскі абласны камітэт БРСМ і ВДТУ.