24 мая ў Віцебску сабраліся 52 лепшых (на дадзены момант) шахматыстаў Віцебскай вобласці з 10 трэнерскіх школ, каб скласці шахматны ранжыр у завяршэнне сезона.

Турнір не прадугледжваў зніжак на ўзрост ці пол - толькі твае навыкі валодання шахматнай стратэгіяй і хуткасць працы твайго мозгу давалі шанец нароўне змагацца з прызнанымі шахматнымі лідарамі вобласці. А такіх хлопцаў і дзяўчат, якія ўжо маюць медальныя подыумы на фіналах рэспублікі і прадстаўляюць нашу краіну на міжнародных спаборніцтвах, тут было не адзін дзясятак. І якім жа было ўсеагульнае здзіўленне дасведчаных трэнераў і ўдзельнікаў, калі партыя за партыяй Таісія прымушала сваіх супернікаў вучыць і сваё прозвішча, і наш горад Лепель.

Безумоўна, доля шанцавання ёсць у любой перамозе, але да гэтай знакавай перамогі Таісія ішла і трэніравалася апошнія 9 гадоў у Цэнтры дзяцей і моладзі (трэнер Радзько В.М.), па-іншаму ў гэтым відзе спорту перамог не бывае.

Таісія Мастоўнікава - Чэмпіёнка Віцебскай вобласці па шахматах упершыню ў гісторыі Лепеля!

І гэтага яркага вобразнага нефармальнага тытула Таісія відавочна заслугоўвае.