3 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дырэктар аднаго з прыватных прадпрыемстваў у Верхнядзвінскім раёне ўхіліўся ад выплаты Br138 млн. падаткаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва УДФР КДК па Віцебскай вобласці. У другім паўгоддзі 2010 года 53-гадовы кіраўнік прыватнага унітарнага мастацка-будаўнічага прадпрыемства, які займаўся будаўніцтвам дамоў і правядзеннем аздабляльных работ у іх, наўмысна не ўнёс у бухгалтэрыю фірмы першасныя дакументы бухгалтарскага ўліку для ўтойвання атрыманага прыбытку. Такім чынам ён занізіў аб'ём падаткаў з прыбытку прадпрыемства на Br138,4 млн. Выявіць гэты факт удалося падчас адной з праверак Дзяржкантролю. У дачыненні да дырэктара за ўхіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры, УДФР КДК па Віцебскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.-0-

БЕЛТА