12 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дырэкцыя фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" стварыла групу па барацьбе з кантрафактам. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, паведаміў генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар фестывалю Радзівон Бас. Перад фестывалем пастаўлена задача пераходу на самаакупнасць. Аднак, на думку Радзівона Баса, вырашаць яе павінны не толькі дырэкцыя і Міністэрства культуры, але ўсе суб'екты гаспадарання, задзейнічаныя на фестывалі. "Сёння на фестывалі зарабляюць усе. У тым ліку на фірменным знаку. У горадзе праходзіць мноства спадарожных мерапрыемстваў, не ўключаных у афіцыйную праграму, з якіх фестываль павінен мець даход", - лічыць Радзівон Бас. Дагаворы на права выкарыстання таварнага знака дырэкцыя, нягледзячы на шырокае інфармаванне, заключыла толькі з паўтара дзясятка прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. На думку дырэктара фестывалю, колькасць суб'ектаў, якія выкарыстоўваюць таварны знак фестывалю пры выпуску прадукцыі, значна большая. У сувязі з гэтым створана спецыяльная група, якая будзе праводзіць маніторынг наяўнасці тавараў з лагатыпам фестывалю і законнасць яго выкарыстання. Яшчэ адной актуальнай праблемай з'яўляецца выкарыстанне правоў на трансляцыю мерапрыемстваў фестывалю. Міністр культуры Павел Латушка падкрэсліў, што атрыманне дадатковых даходаў фестывалю прадугледжвае ў тым ліку і продаж правоў на трансляцыю праектаў фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" як унутры краіны, так і за яе межамі. Гэтая задача пастаўлена ўрадам перад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй. "Мы павінны навучыцца таму, як гэта эфектыўна рабіць", - падкрэсліў Павел Латушка і выказаў упэўненасць, што станоўчы вынік будзе дасягнуты.