18 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дыстанцыйная занятасць можа павысіць патэнцыял працоўных рэсурсаў у Адзінай эканамічнай прасторы. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказала кандыдат эканамічных навук, дацэнт кафедры эканомікі працы і персаналу эканамічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава Марына Луданік. Яна прымае ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Сацыяльна-эканамічнае развіццё арганізацый і рэгіёнаў Беларусі: устойлівасць, развіццё, інавацыі", якая праходзіць сёння ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
На працоўных рынках Расіі і Беларусі адбываюцца аднолькавыя працэсы, звязаныя з павелічэннем колькасці працоўных месцаў і неабходнасцю ствараць на іх годныя ўмовы працы, якія ўключаюць у тым ліку заработную плату і арганізацыйныя моманты. "Настаў час кансалідаваць намаганні на рынку працы ў Адзінай эканамічнай прасторы, накіраваўшы іх на новыя формы занятасці. У прыватнасці, на дыстанцыйную занятасць, якая аб'ядноўвае працоўныя месцы праз віртуальную прастору і дазваляе дзейнічаць сумесна на рынку працы", - лічыць Марына Луданік.
Паводле яе слоў, дыстанцыйная занятасць дазваляе не толькі вырашыць пытанні стварэння работніку прывабных умоў працы, але і ўцягнуць у працоўную дзейнасць групы рызыкі - інвалідаў, моладзь, жанчын, людзей старэйшага ўзросту. "Віртуальная прастора дазваляе прыцягнуць гэтыя катэгорыі насельніцтва для таго, каб рынак працы меў больш высокі патэнцыял працоўных рэсурсаў", - падкрэсліла вучоныня.-0-
БЕЛТА
Дыстанцыйная занятасць можа павысіць патэнцыял працоўных рэсурсаў у ЕАЭС - эксперт
18.10.20120 праглядаў