Дызайн-праекты афармлення віцебскай школы можна ўбачыць на выставе ў Смаленску
28.10.20110 праглядаў
28 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дызайн-праекты афармлення сярэдняй школы №46 Віцебска і пірамід бізнес-цэнтра "Марка-сіці", распрацаваныя на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава, упершыню прадстаўлены на міжнароднай выстаўцы-конкурсе "Інтэрдызайн-2011", якая адкрылася ў Смаленску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дэкан мастацка-графічнага факультэта ВДУ дацэнт, кандыдат педагагічных навук Дзмітрый Сянько.
Гэтыя працы па афармленні значных і цікавых аб'ектаў абласнога цэнтра пакуль нідзе не выстаўляліся. Усяго на форуме дызайнераў Віцебскі дзяржуніверсітэт прадставіў творы дзесяці аўтараў. Гэта адаптаваныя да асяроддзя дызайн-праекты студэнтаў і працы, выкананыя на стыку дызайну і дэкаратыўна-прыкладного мастацтва, выкладчыкаў мастацка-графічнага факультэта. Прадстаўленыя дызайн-праекты адаптаваны да канкрэтных аб'ектаў, для чаго сабраны вялікі праектны матэрыял, таму спецыялістам будзе цікава ацаніць метадалогію стварэння аб'екта і ў цэлым беларускую дызайнерскую школу, адзначыў Дзмітрый Сянько.
Сёння студэнты худграфа актыўна падключаюцца да выканання дызайн-праектаў і афармлення ўстановы адукацыі Віцебска, а таксама да фарміравання дызайну гарадскога асяроддзя абласнога цэнтра. Адным з першых аб'ектаў прымянення студэнцкіх талентаў стала сярэдняя школа №46 у новым мікрараёне Білева-1. Студэнткі 5-га курса Вольга Беляева, Алеся Варанцова, Алена Малнач і Крысціна Ілюшына выканалі дыпломныя праекты па афармленні навучальнай установы ў розных стылявых рашэннях. Педагогі школы спынілі свой выбар на ўсіх чатырох канцэпцыях: вырашана кожны з чатырох паверхаў будынка аформіць індывідуальна. Адзін з гэтых студэнцкіх праектаў упершыню прадстаўлены грамадскасці на выстаўцы ў Смаленску. Акрамя таго, віцебскія студэнты таксама ўпершыню пакажуць дызайн-праект унутранага афармлення бізнес-цэнтра "Марка-сіці", які ўзведзены ў выглядзе пірамід у цэнтральнай частцы абласнога цэнтра. Яшчэ дзве студэнцкія працы звязаны з дызайн-праектамі асяроддзя і тэрыторыі салона-крамы "Інтэр'ер" і базы адпачынку "Шчытоўка" ў Сенненскім раёне.
Выстава-конкурс "Інтэрдызайн-2011" ініцыяваны дэпартаментам па культуры ўрада Смаленскай вобласці, Смаленскім дзяржаўным універсітэтам і Смаленскім аддзяленнем Саюза дызайнераў Расіі. Конкурс праходзіць па дзевяці намінацыях, у тым ліку "дызайн асяроддзя", "дызайн інтэр'ера", "ландшафтны дызайн". Па выніках плануецца выданне каталога работ.-0-
БЕЛТА