21 лютага, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Для атрымання права на бясплатны праезд школьнік павінен узяць ва ўстанове адукацыі даведку ўстаноўленага ўзору. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Юрый Гладкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Юрыя Гладкова, у Беларусі ўсе навучэнцы сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў атрымалі права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце рэгулярных гарадскіх зносін, гарадскім электрычным транспарце і ў метрапалітэне ад месца жыхарства (месца знаходжання) да месца вучобы і назад у перыяд з 1 верасня па 30 чэрвеня. Такое права прадастаўлена ім пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 лютага 2011 года № 2002 "Аб некаторых пытаннях праезду навучэнцаў". Юрый Гладкоў адзначыў, што ў даведцы павінна быць пазначана канкрэтнае месца жыхарства або знаходжання дзіцяці і месца вучобы. Наяўнасць у даведцы фатаграфіі не прадугледжана. "Калі ўзнікне неабходнасць уклеівання фатаграфіі ў даведку, то мы разгледзім магчымасць распрацоўкі даведкі іншага ўзору, дзе будзе прадугледжана фатаграфія", - дадаў ён. Начальнік упраўлення падкрэсліў, што школьнікі будуць мець права бясплатнага праезду толькі да месца атрымання агульнай сярэдняй адукацыі і ад яго да месца жыхарства. "Дадзены дакумент не прадугледжвае бясплатны праезд школьнікаў да месца атрымання пазашкольнай адукацыі - на секцыі, гурткі, у клубы, а таксама да месца спаборніцтваў або па іншых асабістых справах", - растлумачыў ён. Па словах прадстаўніка Мінадукацыі, бясплатны праезд для школьнікаў забяспечаны ў мэтах выканання даручэння, дадзенага Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе. Юрый Гладкоў таксама адзначыў, што кіраўнікі ПТВ, ССНУ і ВНУ таксама могуць аказваць маламаёмным навучэнцам і студэнтам матэрыяльную дапамогу для аплаты праезду ў грамадскім транспарце. -0-

БЕЛТА