21 снежня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Каб атрымаць кампенсацыю за галалёдную траўму, пацярпелы павінен дзейнічаць як пры дарожна-транспартным здарэнні. Такое меркаванне сёння журналістам выказаў старшы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Мухля, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праблем з кампенсацыяй выдаткаў на лячэнне галалёднай траўмы ў пацярпелага не ўзнікне, калі ён будзе дзейнічаць па наступнай схеме: падрабязна апіша медыкам месца і абставіны падзення, а затым накіруе заяву на адрас арганізацыі, якая абслугоўвае няўдалы ўчастак вуліцы. У выніку будзе праведзена расследаванне, вінаватага абавяжуць выплаціць кампенсацыю, адзначыў Аляксандр Мухля, правёўшы аналогію са схемай узбуджэння справы па ДТЗ: "У лячэбныя ўстановы літаральна кожны дзень прыходзяць факсы з Дзяржінспекцыі з просьбай прадаставіць медыцынскую дакументацыю датычна той ці іншай аварыі".
Па словах начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Эдмунда Грышкевіча, выпадкі, калі чалавек звяртаўся ў ЖЭС за кампенсацыяй у сувязі з галалёднай траўмай, яму невядомыя. Па статыстыцы мінулых гадоў, часцей за ўсё людзі атрымліваюць траўмы, падаючы на абледзянелых участках тратуараў у дварах, на маставых. Сёлета для барацьбы з галалёдам было закуплена дастатковае колькасць пяскосоляных і супрацьгалалёдных сумесяў. Надвор'е ў кастрычніку-снежні дазволіла іх эканоміць. У выпадку багатых снегападаў жыллёва-камунальныя службы гатовыя задзейнічаць каля 3 тыс. адзінак снегаўборачнай тэхнікі.-0-
БЕЛТА
Для атрымання кампенсацыі на лячэнне галалёднай траўмы пацярпелы павінен дзейнічаць як пры ДТЗ
21.12.20110 праглядаў