24 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Для працы ў выбарчых камісіях падабраліся людзі з высокім узроўнем прафесіяналізму. Такое меркаванне выказаў сёння ў Віцебску журналістам на брыфінгу, прысвечаным парламенцкім выбарам у Беларусі, міжнародны назіральнік ад СНД намеснік дырэктара дэпартамента па супрацоўніцтве ў сферы бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам Выканаўчага камітэта СНД Мурат Ташыбаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Для працы ў выбарчых камісіях падабраліся людзі з высокім узроўнем прафесіяналізму. Гэта не ацэнка, а хутчэй, агульнае меркаванне, бо, відаць, ужо прыйшоў у краінах СНД той час, калі выкарыстоўваецца назапашаны за папярэднія гады сур'ёзны вопыт", - канстатаваў доўгатэрміновы назіральнік, нагадаўшы, што ў адпаведнасці са сваім статусам не мае права даваць ацэнку ходу выбарчай кампаніі на дадзеным этапе. Па яго словах, у Віцебскай вобласці група назіральнікаў ад СНД у рамках ажыццяўлення маніторынгу за ходам выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання наведала на бягучым тыдні сем акруговых выбарчых камісій (Віцебскую сельскую №21, Докшыцкую №22, Полацкую сельскую №24, Шаркаўшчынскую №29 і інш.). Дзяліўшыся сваімі ўражаннямі, Мурат Ташыбаеў адзначыў дастаткова высокае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях грамадскіх аб'яднанняў і партый, забяспечанасць выбарчых камісій заканадаўчымі актамі па парламенцкіх выбарах, неабходнымі метадычнымі рэкамендацыямі. "Таксама вядзецца актыўная праца па інфармаванні выбаршчыкаў аб маючых адбыцца парламенцкіх выбарах. Уся інфармацыя даводзіцца праз выданні і інтэрнэт-рэсурсы сродкаў масавай інфармацыі і выканаўчых органаў, у населеных пунктах вывешаны інфармацыйныя плакаты. Праца выбарчых камісій ажыццяўляецца ў адпаведнасці з каляндарным планам правядзення выбарчай кампаніі. Атмасфера ў гарадах і сельскіх населеных пунктах, дзе мы пабывалі, спакойная", - канстатаваў міжнародны назіральнік.