27 ліпеня, Карэлічы /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Для своечасонай і якаснай уборкі збожжавых у Беларусі створаны неабходныя ўмовы. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч падчас рабочай паездкі ў Карэліцкі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прэм'ер-міністр адзначыў, што сёлета аграрыі Беларусі атрымалі дастаткова добры ўраджай збожжавых. "Цяпер галоўнае - узяць гэты хлеб, і для гэтага сфарміраваны неабходныя ўмовы - паліва ёсць, транспарт ёсць, тэхніка ёсць, сушыльныя комплексы гатовыя, - сказаў ён. - Цяпер мы ловім кожную хвіліну добрага надвор'я, каб убраць хлеб". Паводле слоў кіраўніка ўрада, нейкіх сур'ёзных праблем, якія маглі б перашкодзіць своечасовай і якаснай уборцы ўраджаю, няма. Існуюць асобныя праблемныя пытанні, але ўсе яны вырашальныя. Міхаіл Мясніковіч звярнуў асаблівую ўвагу, што ўрад працуе на землеробства праз прызму жывёлагадоўлі. "У нас яна добра развітая, і гаворка ідзе не толькі пра тое, каб убраць збожжа, але і падрыхтаваць кармы, - падкрэсліў ён. - Сёлета мы будзем з якаснымі кармамі, але гэта не тая пазіцыя, якую хацелася б мець. Наша задача - і на гэта адводзіцца максімум два гады - мець кармавую базу еўрапейскага ўзроўню". У цэлым прэм'ер-міністр даў станоўчую ацэнку працы аграрыяў на ўборачнай. "Радуе, што яны прытрымліваюцца тых дамоўленасцей, якія былі выпрацаваны", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.-0-

БЕЛТА