Старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Белая Русь» абраны старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дземідаў.

Кандыдатуру Дзмітрыя Дземідава на разгляд членаў абласной канферэнцыі ўнёс старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Алег Раманаў.

– Дзмітрый Дземідаў на ранейшай і цяперашняй пасадах даказаў, што, акрамя таго, што ён выдатны чалавек, выдатны прафесіянал, яшчэ і дзяржаўнік і патрыёт. На першае месца сваёй дзейнасці ён ставіць інтарэсы краіны і беларускага народа. Працуючы старшынёй Наваполацкага гарвыканкама, ён праводзіў курс на стварэнне ўсіх умоў для паўнавартаснага развіцця як асобных грамадзян, так і грамадства ў цэлым. Ён цудоўна разумее, што без апоры на канкрэтных людзей і грамадзянскую супольнасць не будзе паўнавартаснага развіцця.

Кандыдатуру Дзмітрыя Дземідава падтрымалі многія выступоўцы, падкрэсліваючы яго прынцыповасць, надзейнасць, кампетэнтнасць. Намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў звярнуў увагу на вялікую працу Дзмітрыя Дземідава па станаўленні грамадскай арганізацыі. Ён выказаў упэўненасць, што ініцыятыўнасць і працаздольнасць кандыдата дапамогуць падняць на больш высокі ўзровень планку грамадскай арганізацыі.

– Дзмітрый Уладзіміравіч – чалавек з пастаяннымі ідэямі, накіраванымі на тое, каб наша грамадства станавілася лепшым, цікавейшым, бяспечнейшым. Ён добра ведае сваю працу. Назапашаны вопыт дапаможа яму і ў грамадскай працы, – выказаў упэўненасць Вячаслаў Дурноў.

Дзмітрый Дземідаў падзякаваў за аказаны высокі давер і паабяцаў рабіць усё ад яго залежнае, каб грамадскае аб'яднанне працягнула эфектыўна працаваць на карысць роднай краіны. Ён заклікаў актыўна рэгенерыраваць новыя ідэі і праекты, паколькі членамі аб'яднання ў рэгіёнах з'яўляюцца таленавітыя і ініцыятыўныя людзі.

На канферэнцыі было адзначана, што былы кіраўнік абласной арганізацыі ГА «Белая Русь» Уладзімір Церанцьеў шмат зрабіў на гэтай грамадскай ніве, працаваў у цеснай сувязі з іншымі грамадскімі аб'яднаннямі, меў аўтарытэт і меркаванне, да якога прыслухоўваліся.

vitebsk-region.gov.by