3 лютага ЦВК Беларусі правядзе пасяджэнне па ўстанаўленні вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе пратаколаў тэрытарыяльных камісій. Як прайшла выбарчая кампанія на тэрыторыі Віцебскай вобласці, даведалася карэспандэнт «ВВ».

– Яна прайшла ў поўнай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам Беларусі, – заявіў на брыфінгу з прадстаўнікамі СМІ старшыня абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома. – Мы можам канстатаваць, што за вынікамі мінулых выбараў стаіць велізарны аб'ём працы ўсіх: і органаў мясцовай улады, і членаў тэрытарыяльных, участковых выбарчых камісій. І падчас датэрміновага галасавання, і ў асноўны дзень панавала святочная спакойная атмасфера. І гэта датычылася не толькі тых, хто галасаваў, але і членаў камісій, якія не адцягваліся на нейкія правакацыі. Былі забяспечаны камфортныя, бяспечныя ўмовы, за што асаблівыя словы падзякі праваахоўнаму блоку, медыцынскім работнікам, супрацоўнікам МНС.

Грубых парушэнняў правапарадку альбо здзяйснення злачынстваў на тэрыторыі выбарчых участкаў зафіксавана не было, але асобныя выпадкі фатаграфавання бюлетэняў меліся. На тэрыторыі вобласці працавалі 4055 нацыянальных, а таксама больш за 30 міжнародных назіральнікаў ад розных місій. Ад іх заўваг не паступала.

Што тычыцца вынікаў галасавання, то сёння, у аўторак, пасля прыёму пратаколаў ад усіх тэрытарыяльных камісій і іх апрацоўкі плануецца правядзенне выніковага пасяджэння абласной выбарчай камісіі.

Апраўдаўся прагноз наконт таго, што ў гарадах яўка выбаршчыкаў будзе ніжэйшай, чым на вёсцы. Так, па Віцебску прагаласавалі менш за 84 % унесеных у спісы (у разрэзе раёнаў абласнога цэнтра гэта: 85,69 % па Чыгуначным, 80,81 % – па Першамайскім і 83,61 % – па Кастрычніцкім раёне). У той час як сельскія раёны праяўлялі большую актыўнасць: напрыклад, Докшыцкі і Расонскі – больш за 94 %, Бешанковіцкі і Шаркаўшчынскі – больш за 93 %.

Працы камісій у сельскай мясцовасці, адзначыў старшыня абласной выбарчай камісіі, спрыяў той факт, што былі выдзелены дадатковыя скрыні для галасавання па месцы знаходжання, зыходзячы з таго, што на тэрыторыі Віцебшчыны размешчана вялікая колькасць маланаселеных вёсак, дзе пражываюць пажылыя грамадзяне. У асобных раёнах на ўчастках колькасць галасуючых на даму даходзіла да 200 і больш, у той час як у межах участкаў абласнога цэнтра вагалася ад 20 да 40 чалавек. Дарэчы, ідзе працэс абнаўлення скрынь для галасавання, і да наступных выбараў, лічыць Дзмітрый Хома, ён завершыцца. Спрыяла і надвор'е – метэаўмовы не стваралі дадатковых перашкод для членаў камісій, якія наведваюць выбаршчыкаў на даму.

Папярэднія вынікі выбараў Прэзідэнта па персонах у Віцебскай вобласці такія: за Алега Гайдукевіча падалі свае галасы 1,49 % выбаршчыкаў, за Ганну Канапацкую – 1,47 %, за Аляксандра Лукашэнку – 87,61 %, за Сяргея Сыранкова – 3,72 % і за Аляксандра Хіжняка – 1,72 %. Супраць усіх прагаласавалі 3,42 %.

vitebsk-region.gov.by