4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дні культуры Беларусі адкрываюцца сёння ў Азербайджане. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Міністэрства культуры Юлія Віскуб.

Культурная праграма абяцае стаць сапраўдным святам мастацтва і бліжэй пазнаёміць жыхароў "Краіны агнёў" з беларускай культурай.

Адкрыюцца Дні гала-канцэртам майстроў мастацтваў Беларусі ў Азербайджанскай дзяржаўнай філармоніі (Баку). У вячэрняй праграме – выступленні лепшых беларускіх калектываў і выканаўцаў. Сярод іх – Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі "Свята", оперныя выканаўцы Крыскенція Стасенка і Міхаіл Пузанаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, баяніст Уладзіслаў Плігоўка, эстрадная спявачка Гюнеш, удзельніца дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск" на XXII Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Паліна Бурло. Дзеячы культуры выступяць таксама 6 чэрвеня ў пасёлку Мардакяны.

Яшчэ адну яркую старонку багатай культуры Беларусі дазволіць адкрыць азербайджанскаму гледачу фотавыстава Беларускага тэлеграфнага агенцтва, прысвечаная жыццю і прыродзе нашай краіны, якая адкрыецца 5 чэрвеня ў галерэі "1969" Баку.

У Азербайджане таксама пройдуць Дні кіно Рэспублікі Беларусь. Так, 5 чэрвеня ў кінацэнтры Нізамі пакажуць беларускія анімацыйныя карціны і мастацкую стужку "Брэсцкая крэпасць", а 6 чэрвеня – фільм-прэм'еру 2012 года "Украсці Бельмондо".

Дні культуры Беларусі ў Азербайджане пройдуць з 4 па 7 чэрвеня. Ва ўрачыстым адкрыцці прыме ўдзел намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік.

Арганізатарамі выступаюць міністэрствы культуры дзвюх краін пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Азербайджане.-0-