24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дні культуры Беларусі адкрываюцца сёння ў Літве, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Дні культуры арганізаваны пасольствам Беларусі ў Літве сумесна з Міністэрствам культуры Беларусі пры арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. Старт святкаванню будзе дадзены ў Нацыянальнай філармоніі Літвы ў Вільнюсе, дзе Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава прадэманструе віртуознае выкананне твораў Пятра Чайкоўскага, Дзмітрыя Смольскага, Джорджа Гершвіна і Іагана Штрауса. Таксама ў публічнай бібліятэцы імя А. Міцкевіча (Вільнюс) сёння пачне працаваць выстава "Янка Купала і Літва" з калекцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. У межах Дзён культуры пройдуць гастролі фальклорнай групы "Купалінка", Тэатра-студыі кінаакцёра – ён пакажа спектаклі "Сродак Макруполаса" і "№ 13"; Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, акцёры якога прадэманструюць літоўскай публіцы мюзікл "Вестсайдская гісторыя"; Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра – у Вільнюсе і Вісагінасе будуць прадстаўлены монаспектаклі "Скаргі закаханых", "Гаспадар кавярні" і "Пара заняцца светлым бокам жыцця". Акрамя таго, у г. Вісагінас пройдзе ХVII Свята беларускай песні, у г. Анікшчай выступяць беларускія калектывы. Завершацца Дні культуры Беларусі ў Літве 30 кастрычніка спектаклем "Бахчысарайскай фонтан" Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў Літоўскім нацыянальным тэатры оперы і балета.

БЕЛТА