17 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дні Латвіі ў Віцебску пройдуць пад музыку духавога аркестра Daugava, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме. Дні Латвіі, якая 18 лістапада адзначае нацыянальнае свята - Дзень абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі, традыцыйна праходзяць у Віцебску ў лістападзе. Да гэтай падзеі прымеркаваны мерапрыемствы, падрыхтаваныя сумесна Цэнтрам латышскай культуры, Упраўленнем культуры горада Даўгаўпілса, Консульствам Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску і Цэнтрам культуры "Віцебск". На гэты раз у канцэртнай зале "Віцебск" адбудзецца канцэрт прафесійнага духавога аркестра Daugava. Калектыў з'яўляецца пастаянным удзельнікам усіх культурных мерапрыемстваў, якія праходзяць у Даўгаўпілсе, рэспубліканскіх святаў песні і танца ў Латвіі, дыпламантам міжнародных фестываляў духавых аркестраў у Венгрыі, Літве, Польшчы. У рэпертуары аркестра творы класічнай, народнай і джазавай музыкі, большая частка з якіх - папулярныя музычныя рытмы з сусветна вядомых мюзіклаў і творы латышскіх кампазітараў. У святочным канцэрце прымуць удзел салістка Нацыянальнай Латвійскай оперы Ілона Багеле і папулярны малады выканаўца, лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Мулявіна ХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" Дайніс Скутэліс. Міністэрства замежных спраў Латвіі падрыхтавала перасоўную фотавыставу аб святах песні і танца ў Латвіі, якая праходзіць пад дэвізам "Калі многія становяцца адзіным цэлым". У экспазіцыю выставы ўваходзіць каля 40 фатаграфій розных латышскіх аўтараў. Фатаграфіі распавядаюць эмацыянальную гісторыю, паказваючы як працэс падрыхтоўкі да святаў песні і танца - рэпетыцыі, агляды, так і самі святы. Галоўная мэта экспазіцыі - спрыяць дасведчанасці культурных традыцый Латвіі ў свеце. Дзякуючы Консульству Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску выстава пройдзе ў абласным цэнтры. Адкрыццё запланавана на 21 лістапада, убачыць яе можна будзе да 1 снежня. Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне культуры заўсёды было атрыбутам і залогам цёплых, сяброўскіх адносін паміж самымі рознымі нацыямі і дзяржавамі. Як падкрэслілі ў гарвыканкаме, Віцебск мае намер і надалей заставацца адпраўным пунктам паспяховых культурных узаемадзеянняў з краінамі далёкага замежжа і найбліжэйшымі суседзямі Рэспублікі Беларусь. -0-

БЕЛТА