17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Маскве 17 красавіка адбылася сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Расіі Ігара Петрышэнкі з міністрам урада Масквы, кіраўніком дэпартамента знешнеэканамічных і міжнародных сувязей Сяргеем Чарэміным, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Ігар Петрышэнка адзначыў, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі з Масквой традыцыйна падтрымліваецца і развіваецца на ўзроўні стратэгічнага партнёрства. Пасол падкрэсліў, што беларускі бок надае вялікае значэнне практычнай рэалізацыі мерапрыемстваў, звязаных з міжрэгіянальным супрацоўніцтвам, у рамках якога ў адміністрацыйных акругах Масквы функцыянуюць кірмашы-продажы тавараў абласцей Беларусі.

Бакі абмеркавалі пытанні арганізацыі Дзён Мінска ў Маскве і дзелавога форуму, якія плануецца правесці восенню 2013 года.

У 2012 годзе таваразварот Беларусі і Масквы склаў больш за $4,9 млрд. і ў параўнанні з адпаведным перыядам 2011 года павялічыўся на 19,8%. Пры гэтым сальда склалася станоўчае ў памеры $1,6 млрд.-0-