29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Непагадзь, якая абрынулася на Беларусь у мінулыя выхадныя, моцна ўскладніла дарожную сітуацыю і прывяла да шматлікіх ДТЗ. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Беларусі Ганна Банадык. Традыцыйнага "Дня шыншчыка", нягледзячы на папярэджанні ДАІ, пазбегнуць не ўдалося, адзначыла Ганна Банадык. За пятніцу і выхадныя ў Беларусі адбылося 1315 ДТЗ з матэрыяльнай шкодай, загінула 19 чалавек, яшчэ 89 атрымалі раненні. Асноўныя прычыны аварый прадказальныя: страта кіравання, летняя гума, дрэнная бачнасць на дарозе. 28 кастрычніка на аўтадарозе Віцебск-Ліёзна ў раёне вёскі Дзюкава Віцебскага раёна перакулілася фура з польскімі нумарамі. Кіроўца змог самастойна выбрацца з кабіны, а вось цягач і паўпрычэп давялося падымаць работнікам МНС. Увечары ў той жа дзень на праспекце Незалежнасці ў Мінску 23-гадовая дзяўчына загінула ў выніку падвойнага наезду. Яна пераходзіла праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. "Гэта асобныя выпадкі з доўгай чаргі ДТЗ, якія адбыліся ў мінулыя выхадныя", - адзначыла Ганна Банадык. Дзяржаўтаінспекцыя яшчэ з вечара 26 кастрычніка ва ўсіх абласцях увяла спецыяльны план "Надвор'е", які дзейнічае да гэтага часу. Ён прадугледжвае ўзмацненне кантролю ДАІ за дарогамі, напрыклад, 27 кастрычніка ўвесь асабісты склад спецпадраздзялення "Стрэла" знаходзіўся на службе. Інспектары дапамагаюць кіроўцам, якія трапілі ў бяду з-за непагадзі, аказваюць дапамогу аўтамабілям, што захраслі, паведамляюць аб ДТЗ. Акрамя таго, праводзіцца пастаянны маніторынг праезнай часткі. ДАІ звязваецца з дыспетчарамі дарожных службаў і прадастаўляе ім інфармацыю аб неабходнасці пасыпання таго ці іншага ўчастка дарогі. Пры гэтым, калі ніякіх мер дарожнікі не прымаюць, то на іх складаецца адміністрацыйны пратакол. "Толькі за суботу такіх пратаколаў было складзена 10", - дадала Ганна Банадык. У такіх складаных умовах надвор'я знайшліся кіроўцы, якія рызыкнулі сесці за руль у нецвярозым стане. За 3 дні інспектары затрымалі больш за 400 аўтааматараў падпітых. Таксама амаль 3 тыс. чалавек трапіліся на перавышэнні хуткаснага рэжыму. Усяго за пятніцу і выхадныя ў Беларусі было выяўлена больш за 16,5 тыс. фактаў парушэння ПДР, з іх больш за 3,1 тыс. - парушэнні пешаходаў, у тым ліку адсутнасць абавязковых святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак.