6 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага Беларусі прысвечана выстаўка ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, дзе яна адкрылася.

Гербы з'яўляюцца своеасаблівай візітнай карткай населенага пункта, графічна адлюстроўваюць гістарычны вопыт мясцовага насельніцтва. У Віцебскай вобласці вяртанне да гістарычнай спадчыны пачалося з калыскі беларускай дзяржаўнасці - старажытнага Полацка, герб якога быў унесены ў гербавы матрыкул у 1994 годзе. Актыўнае развіццё праца па аднаўленні гістарычных і стварэнні новых геральдычных сімвалаў атрымала з 2002 года. У экспазіцыю "Геральдычны вянок Віцебшчыны" ўвайшло 42 гербы населеных пунктаў вобласці. Пры гэтым важна, што ў ёй прадстаўлены не толькі гербы Віцебска, іншых гарадоў рэгіёну, але і пасёлкаў вобласці: Відзы, Копысь, Падсвілле, Улла, Ветрына, Асвея, Сураж і інш. Кожны з гербаў мае сваю цікавую гісторыю паходжання, даведацца якую можна падчас наведвання выстаўкі.

У ходзе знаёмства з экспазіцыяй гасцям музея раскажуць шмат цікавых асаблівасцей, звязаных з тэмай геральдыкі, адзначылі спецыялісты. "Распрацоўка выяў герба і сцяга таго ці іншага населенага пункта патрабуе карпатлівай творчай працы гісторыкаў, краязнаўцаў і мастакоў, падмацаванай зацікаўленасцю ў гэтым грамадскасці. У аснову геральдычных сімвалаў звычайна бяруцца іх даўнія папярэднікі, увасобленыя з дапамогай сучаснай мовы графікі і мастацкіх сродкаў. Пры гэтым геральдычныя сімвалы адрозніваюцца ад іншых элементаў святочнага гарадскога афармлення тым, што напоўнены гістарычным вопытам продкаў, іх энергетыкай, спрадвеку накіраванай на стваральную працу і абарону Айчыны", - расказалі ў музеі.-0-